Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 мая 2017, 12:49

Дыскрымінацыі айчынных вытворцаў у гандлёвых сетках быць не павінна - Кабякоў

23 мая, Аршанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Дыскрымінацыі айчынных вытворцаў у гандлёвых сетках быць не павінна. Аб гэтым сёння заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў пры наведванні філіяла "Салодкая краіна" дзяржаўнага прадпрыемства "Кандытарская фабрыка "Віцьба" ў час выязнога пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў па пытаннях развіцця Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэм'ер-міністр пацікавіўся прычынай нізкай загрузкі вытворчых магутнасцей прадпрыемства. Першапачаткова фабрыка планавалася як імпартазамяшчальны праект, аднак пакуль прадукцыя "Салодкай краіны" займае каля 10 працэнтаў унутранага рынку, астатняя доля прыпадае на канкурэнтаў з Расіі і Украіны. Адной з прычын такой сітуацыі кіраўніцтва прадпрыемства лічыць складанасці рэалізацыі прадукцыі праз гандлёвыя сеткі.

Андрэй Кабякоў у сваю чаргу заўважыў, што дыскрымінацыі айчынных вытворцаў у гандлёвых сетках быць не павінна, аднак кожнае прадпрыемства павінна самастойна заваёўваць лаяльнасць пакупніка. "Вы павінны разумець, што лаяльнасць павінна заваёўвацца. Вядома, мы зоймемся тым, каб вас не дыскрымінавалі. Дыскрымінацыі нашага вытворцы на паліцах гандлёвых сетак не павінна быць, але і вы павінны быць пазнавальныя, адпавядаць рынку, на якім прасоўваеце прадукцыю", - падкрэсліў кіраўнік урада. Прэм'ер-міністр акцэнтаваў увагу, што без прадуманай рэкламнай кампаніі, выбудаванай тактыкі прасоўвання тавару істотна павялічыць продажы прадукцыі "Салодкая краіна" не зможа.

Філіял "Салодкая краіна" дзяржаўнага прадпрыемства "Кандытарская фабрыка "Віцьба" ўведзены ў эксплуатацыю ў 2014 годзе. На фабрыцы ўстаноўлена тэхналагічная лінія па вытворчасці бісквітных вырабаў, якія даюць магчымасць вырабляць да 2,7 тыс. т гатовай прадукцыі ў год. Прадпрыемства мае магчымасць выпускаць бісквітныя пірожныя, міні-рулеты і рулеты. У планах прадпрыемства набыццё абсталявання для вытворчасці бісквітных мучных прысмакаў, распрацоўка новых рэцэптур, пашырэнне асартыменту і асваенне рынкаў збыту для рэалізацыі кандытарскай глазуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі