Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 красавіка 2017, 16:29

Будуць прыняты дадатковыя меры па фінансавым аздараўленні некаторых прадпрыемстваў - Кабякоў

14 красавіка, Ваўкавыск /Кар. БЕЛТА/. Дадатковыя меры па фінансавым аздараўленні будуць прыняты на некаторых прадпрыемствах у будаўнічай галіне, машынабудаванні і дрэваапрацоўцы. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час рабочай паездкі па Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў прэм'ера, вынікі першага квартала 2017 года паказваюць станоўчыя змяненні ў эканоміцы. "Але пакуль застаецца праблема з прадпрыемствамі, якія правялі глыбокую мадэрнізацыю і ўзялі ў свой час значныя валютныя крэдыты. А цана прадукцыі ў доларавым эквіваленце ў сувязі з сітуацыяй на ўнутраным і знешнім рынках прыкметна змянілася да пачатку рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Ёсць сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя праблемы па забеспячэнні своечасовых вяртанняў ужо рэструктураваных крэдытаў, узятых на рэалізацыю гэтых праектаў", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Ён падкрэсліў, што ў гэтых выпадках патрабуюцца дадатковыя меры па далейшым фінансавым аздараўленні. І яны будуць прапаноўвацца ў бліжэйшы час. "Гэта датычыцца не толькі ААТ "Краснасельскбудматэрыялы", якое мы сёння наведвалі, гэта ў тым ліку дрэваапрацоўка і шэраг машынабудаўнічых прадпрыемстваў", - сказаў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на эфектыўнасць мер, прынятых у рамках указаў нумар 253 па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і нумар 268 па стварэнні агенцтва па праблемных актывах. "Трэба рэалізаваць патэнцыялы гэтых дакументаў", - адзначыў Андрэй Кабякоў, дадаўшы, што ў бліжэйшы час у іх будуць унесены невялікія змяненні.

Прэм'ер-міністр Беларусі з рабочым візітам наведвае сёння Гродзенскую вобласць. На прыкладзе фруктовага саду КСУП "Няверавічы" Ваўкавыскага раёна разгледжана пытанне аб развіцці пладаводства ў рэгіёне. Андрэй Кабякоў таксама наведаў ААТ "Краснасельскбудматэрыялы", азнаёміўся з прынятымі мерамі па павелічэнні экспарту тавараў і дыверсіфікацыі рынкаў збыту ў ААТ "Беллакт". У ААТ "Ваўкавыскі мясакамбінат" былі разгледжаны вынікі праводзімай работы па тэхнічным перааснашчэнні прадпрыемства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі