Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 лістапада 2017, 17:59

Беларусь пераходзіць да стварэння ўніверсальнага асяроддзя ў забудове гарадоў - Мінбудархітэктуры

9 лістапада, Мінск /Вера Сяргеева - БЕЛТА/. Беларусь пераходзіць да стварэння ўніверсальнага асяроддзя ў забудове гарадоў, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Дзмітрый Семянкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пачалі ўжо рэалізоўваць ідэю ўніверсальнага асяроддзя. Раней у забудове прытрымліваліся прынцыпу стварэння асобнага шляху для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Цяпер прыйшлі да высновы, што павінен быць адзін агульны шлях. Трэба рэалізоўваць архітэктуру, зручную для ўсіх: рабіць ніжэйшым цокальны паверх, адыходзіць ад лесвіц да ўвахода, пераходзіць на натуральныя ландшафты. Гэта прадугледжвае і Канцэпцыя развіцця архітэктуры і горадабудаўніцтва на 2016-2020 гады, якая сёння рэалізуецца ў стварэнні нарматываў. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час убачым элементы ўніверсальнага асяроддзя ў канкрэтнай забудове гарадоў", - сказаў Дзмітрый Семянкевіч.

Ён падкрэсліў, што сучасная архітэктура жылых дамоў прадугледжвае стварэнне ўмоў для фізічна аслабленых асоб. "Там, дзе высокія лесвіцы, пераходзяць на пад'ёмнікі, якія дапамогуць падняцца на ўзровень першага паверха і далей рухацца да ліфта", - дадаў намеснік міністра.

"Асобныя дамы дабудоўваюцца па распрацаваных раней праектах. Ім проста даём дазвол на тое, каб яны былі дабудаваны ў тым выглядзе, у якім былі запраектаваны 10-15 гадоў таму. Пераробка праекта - вельмі вялікая работа", - адзначыў ён.

Дзмітрый Семянкевіч адзначыў, што Беларусь перажывае перыяд адраджэння архітэктуры, сур'ёзнага і тонкага падыходу да яе - як у Мінску, так і ў рэгіёнах. Архітэктура малых гарадоў характарызуе Беларусь як краіну з эканомікай, якая дынамічна развіваецца. Намеснік міністра лічыць найбольш запатрабаваным і рацыянальным будаўніцтва будынкаў у стылі канструктывізму, які прадугледжвае правільныя прапорцыі, зразумелыя элементы. "Мінбудархітэктуры не навязвае людзям, якія займаюцца творчасцю, мастацтвам, канкрэтныя стылі. Мы толькі арыентуем на тое, што сёння запатрабавана і па кошце, і па архітэктурных рашэннях", - сказаў ён.

Дзмітрый Семянкевіч сёння прыняў удзел у адкрыцці XII Нацыянальнага фестывалю архітэктуры. Фестываль праходзіць з 9 па 11 лістапада ў Мінску ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (вул.Казлова, 3). Запланаваны майстар-класы, выстаўкі дызайнераў, скульптараў, манументалістаў, нацыянальных саюзаў архітэктараў краін блізкага і далёкага замежжа, а таксама майстар-класы, прэзентацыі фірм і праектных прадпрыемстваў, правядзенне семінараў, тэматычных канферэнцый, мэтавых форумаў з абмеркаваннем дасягненняў, праблем архітэктуры і горадабудаўніцтва апошніх гадоў.

Фестываль праводзіць Беларускі саюз архітэктараў сумесна з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва. Падтрымку архітэктурнаму форуму аказваюць Міністэрствы культуры, Мінгарвыканкам, Міжнародны саюз архітэктараў (UIA), Міжнародная асацыяцыя саюзаў архітэктараў (IAUA), Беларускі саюз мастакоў і Беларускі саюз дызайнераў. Нацыянальныя фестывалі архітэктуры праводзяцца з 1999 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі