Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 лістапада 2015, 17:13

Ацэначны кошт пасылак з-за мяжы наўмысна заніжаецца - Мясніковіч

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ацэначны кошт пасылак з таварамі з-за мяжы, якія заказваюцца праз інтэрнэт-магазіны, наўмысна заніжаецца. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні маніторынгавай групы па разглядзе праектаў указаў Прэзідэнта Беларусі і законаў у Савеце Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што за першае паўгоддзе 2015 года жыхары Беларусі атрымалі 4 млн 400 тыс. пасылак з таварамі з-за мяжы. "Яны ацэньваюцца ў $5, $10... Хаця на самай справе фактычны кошт зусім іншы, таму бюджэт недаатрымлівае ПДВ, пошліны", - сказаў ён. Пры гэтым падкрэсліў: "Я не супраць таго, каб куплялі гэта, але ідзе проста падлог фактычнага кошту. Што дае магчымасць адыходзіць ад мытных пошлін, плацяжоў і гэтак далей".

Раней Міхаіл Мясніковіч прапаноўваў увесці ПДВ на такія пасылкі з таварамі, але з гэтым не згадзіўся Нацбанк, спасылаючыся на тое, што праграмнае забеспячэнне не дазваляе зрабіць гэтага.

"Я лічу, што гэта няправільны падыход. Буду на гэтым настойваць. Калі мы праходзім у магазін, на касе прабіваюць ПДВ, і праграмнае забеспячэнне спрацоўвае. Кожны пакупнік выплачвае падатак. У нас ёсць рэгістрацыя на кожную пасылку. Пры яе ўручэнні цалкам можна гэта пытанне вырашыць", - дадаў Міхаіл Мясніковіч.

Старшыня Савета Рэспублікі таксама лічыць, што такія пасылкі абвалілі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасці. "І, вядома, гэта вялікія страты для бюджэту", - падкрэсліў ён. Паводле яго звестак, ЕЭК ужо абмяркоўвае пытанне ўвядзення падатку на такі інтэрнэт-гандаль. Размова ідзе аб прагрэсіўнай шкале падатку на пасылкі з таварамі з інтэрнэт-магазінаў, якія паступаюць у ЕАЭС звонку.

Сёння на пасяджэнні маніторынгавай групы, у якім прымаюць удзел прадстаўнікі Нацбанка, Дзяржкантролю і іншых ведамстваў, абмяркоўваюцца праекты бюджэтных дакументаў на 2016 год: указаў аб параметрах сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўных напрамках бюджэтнай палітыкі, законапраекты аб бюджэце на 2016 год і папраўкі ў Бюджэтны кодэкс і г.д. Пакуль законапраекты бюджэтнага пакета не паступілі ў парламент, але гэта чакаецца ў бліжэйшы час. Раней на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў паведамлялася, што 25 лістапада абедзве палаты беларускага парламента правядуць сустрэчу з прэм'ер-міністрам, кіраўніком Нацбанка і кіраўнікамі розных ведамстваў. На гэтай сустрэчы, як чакаецца, будуць абмяркоўвацца пытанні прыняцця рэспубліканскага бюджэту на 2016 год, а таксама падатковай палітыкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі