Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 лістапада 2017, 17:42

Арушаньянц: дэкрэт па развіцці прадпрымальніцтва - вынік беспрэцэдэнтнага супрацоўніцтва дзяржорганаў і бізнесу

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэкрэт па развіцці прадпрымальніцтва - гэта вынік беспрэцэдэнтнага супрацоўніцтва дзяржаўных органаў і бізнесу, заявіў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц.

"Дэкрэт - гэта вынік беспрэцэдэнтнай сумеснай работы дзяржаўных органаў і бізнесу. З боку прадпрымальніцкіх структур усе, хто быў зацікаўлены ў стратэгічным развіцці галіны, прынялі ўдзел у гэтай рабоце", - падкрэсліў ён.

Пры гэтым Пётр Арушаньянц адзначыў, што ключавой задачай, якая была рэалізавана ў дэкрэце, з'яўляецца мінімізацыя ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць суб'ектаў гаспадарання. "Размова ідзе аб дэрэгуляванні дзелавога асяроддзя і прадпрымальніцкай дзейнасці. У дакуменце прадугледжаны цэлы блок пытанняў заканадаўчага ўзроўню менавіта ў гэтай частцы - гэта радыкальнае скарачэнне ўсіх патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных норм, патрабаванняў аховы навакольнага асяроддзя, ветэрынарыі. Нават колькасна нормы скараціліся ў 10-15 разоў", - растлумачыў ён.

На думку дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве, прыняцце дэкрэта не толькі прывядзе да сур'ёзнага спрашчэння дзейнасці, але і да зніжэння расходаў. "Менш патрабаванняў да прадпрыемстваў - адпаведна, у іх менш накладных расходаў. Гэта дасць магчымасць значна панізіць сабекошт прадукцыі. Іншыя важныя прынцыпы, якія замацаваны дэкрэтам, - гэта паведамляльны парадак пачатку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, самарэгуляванне бізнесу, накіраванасць работы кантралюючых органаў на прафілактыку правапарушэнняў", - нагадаў ён.

Пётр Арушаньянц звярнуў увагу, што першыя вынікі прыняцця дакумента будуць відаць ужо ў наступным годзе. "У першую чаргу мы ўбачым вынікі на больш простых формах і відах эканамічнай дзейнасці. У такім выпадку размова ідзе не аб самім дэкрэце, а аб іншых нарматыўных актах з пакета дакументаў па спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу, якія рэгулююць работу аграсядзіб, рамеснікаў. Дарэчы, па рамесніках мы ўжо назіраем пэўную актыўнасць. А пасля выхаду дэкрэта вынікі будуць дэманстраваць у першую чаргу тыя віды эканамічнай дзейнасці, якія не патрабуюць вялікіх капітальных затрат і працоўных рэсурсаў. Ажыўленне такога бізнесу мы ўбачым ужо ў бліжэйшы год. Далей будзе расці актыўнасць і ў тых відах дзейнасці, для ажыццяўлення якіх патрабуюцца больш складаныя сістэмы кіравання, больш складаныя тэхналогіі", - заявіў ён.

Дырэктар дэпартамента па развіцці прадпрымальніцтва паведаміў, што канкрэтных прагнозных лічбаў па росце колькасці прадпрымальнікаў пасля прыняцця пакета дакументаў няма. "Але дзякуючы новым нормам мы здольны выканаць наш асноўны арыенцір - дасягнуць 40-працэнтнай долі малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміцы да канца 2020 года. Гэта вельмі амбіцыйная задача, каб яе рэалізаваць, і прымаюцца меры па спрашчэнні ўмоў для бізнесу", - канстатаваў ён.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада падпісаў дэкрэт "Аб развіцці прадпрымальніцтва", які з'яўляецца ключавым дакументам з пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнні бізнес-клімату ў краіне. Дакумент прызначаны надаць неабходны імпульс развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляваць дзелавую актыўнасць грамадзян і ў цэлым палепшыць інвестыцыйны клімат у краіне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі