Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 верасня 2017, 15:42

Аб'ём уводу жылля з дзяржпадтрымкай у 2018 годзе павінен быць павялічаны на трэць - Калінін

5 верасня, Мінск /Вера Сяргеева - БЕЛТА/. Аб'ём уводу жылля з дзяржпадтрымкай у 2018 годзе павінен быць павялічаны на трэць. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін сёння пасля адкрыцця 25-й міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "Будпрагрэс", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У наступным годзе мы павінны як мінімум на трэць павялічыць аб'ём уводу жылля з дзяржпадтрымкай. У бягучым годзе выходзім на больш як 500 тыс. кв.м. Механізм указа нумар 240 павінен унесці значны ўклад у рост аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва. Гэта наша задача", - сказаў Анатоль Калінін.

Віцэ-прэм'ер таксама адзначыў, што да канца бягучага года кошт квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай не перавысіць сярэдняй заработнай платы, у 2018 годзе гэта дынаміка захаваецца. "Мы створым умовы для захавання цікавасці нашых грамадзян у будаўніцтве жылля", - рэзюмаваў Анатоль Калінін.

Выстаўка "Будпрагрэс" праходзіць у Мінску з 5 па 8 верасня. Пад купалам Футбольнага манежа і на адкрытай пляцоўцы каля яго размясцілася экспазіцыя, прысвечаная новым будаўнічым прадуктам, сучасным тэхналогіям, абсталяванню. Свае навінкі прадстаўляюць каля 200 вядучых будаўнічых кампаній з Беларусі, Кітая, Бельгіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Турцыі, Украіны і іншых краін. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, пры падтрымцы якога традыцыйна праводзіцца "Будпрагрэс", прадставіла калектыўную экспазіцыю, дзе свае распрацоўкі і тэхналогіі дэманструюць вядучыя прадпрыемствы галіны.

Тэматычныя секцыі гэтай выстаўкі - будаўнічыя і аддзелачныя матэрыялы, дызайн інтэр'еру і прадметы дэкору, драўлянае будаўніцтва, азеляненне і добраўпарадкаванне. Наведвальнікі могуць атрымаць бясплатныя кансультацыі спецыялістаў па будаўніцтве і добраўпарадкаванні жылля.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі