19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдадзена персанальная энцыклапедыя "Францыск Скарына", паведаміў журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі.
Паводле яго слоў, выпуск персанальнай энцыклапедыі - заўсёды падзея. У Беларусі выпушчаны энцыклапедыі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, а сёння ўбачыла свет персанальная энцыклапедыя "Францыск Скарына", якая выйшла ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі".
Тыраж выдання складае 1,5 тыс. экзэмпляраў. Набыць гэту сумесную працу вучоных, мастацтвазнаўцаў і спецыялістаў выдавецтва можна ў сетцы "Белкніга". Кошт такой кнігі - Br31, рэалізуецца з мінімальнай нацэнкай 5 працэнтаў.
Як дадаў дырэктар выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" Уладзімір Андрыевіч, ідэя выпуску такога выдання ўзнікла два гады таму. Над ім працавалі каля 150 аўтараў, яно змяшчае больш за 1 тыс. артыкулаў, каля 500 фатаграфій.
Уладзімір Андрыевіч дадаў, што выдавецтва ў бягучым годзе падрыхтавала шэраг кніг "Скарыніяны" і практычна ўсе яны адзначаны на міжнародным узроўні. У першую чаргу гэта ўнікальнае выданне "Сусветная спадчына Францыска Скарыны". Кніга выйшла на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай). Упершыню ў адным выданні прадстаўлены ўсе 25 кніг беларускага кнігадрукара. Яно атрымала Гран-пры XIV Міжнароднага конкурсу краін - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі - 2017" і Гран-пры Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі Eurasіan Book Faіr 2017.-0-