Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 жніўня 2017, 16:03

Спецсесію Сусветнага бібліятэчнага кангрэса прысвяцілі 500-годдзю беларускага кнігадрукавання

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецыяльная сесія Сусветнага бібліятэчнага і інфармацыйнага кангрэса 21 жніўня, якая прайшла ў польскім Вроцлаве, была прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Спецыяльная сесія "500-годдзе беларускага кнігадрукавання" стала першым мерапрыемствам у гісторыі штогадовага Сусветнага бібліятэчнага і інфармацыйнага кангрэса, ініцыіраваным і арганізаваным Беларуссю. Гэты факт нараўне з уключэннем юбілею ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА пацвярджае значнасць спадчыны Францыска Скарыны для беларускай, усходнеславянскай і ў цэлым еўрапейскай культуры, адзначылі ў бібліятэцы.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі прэзентаваў удзельнікам міжнародны навуковы і выдавецкі праект па факсімільным аднаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны і расказаў аб гісторыі рэалізацыі праекта. Ініцыятары і асноўныя выканаўцы - Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Банк БелВЭБ. Зладжаная работа дала магчымасць дасягнуць мэты - сабраць электронныя копіі разгрупаваных па ўсім свеце экзэмпляраў выданняў Францыска Скарыны і аднавіць іх у выглядзе калекцыі факсімільных выданняў. Як вынік, на працягу пяці гадоў (з 2013 па 2017 год) свет убачыў 21 том унікальнага выдання.

На мерапрыемстве прайшла цырымонія дарэння шматтомнага факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы, бібліятэкам Вроцлаўскага і Ягелонскага ўніверсітэтаў.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша выступіў з дакладам "Выданні Францыска Скарыны ў дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі і замежных краін". Таксама ў час сесіі прагучалі даклады па спадчыне Скарыны прадстаўнікоў Расіі і Польшчы.

Удзельнікі сесіі атрымалі запрашэнне на міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання" і выстаўку "Францыск Скарына і яго эпоха", якія пройдуць у Мінску ў верасні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі