30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магчымасці прадаўжэння даследаванняў аб жыцці і дзейнасці беларускага першадрукара Францыска Скарыны абмяркоўваюць вучоныя на міжнароднай навуковай канферэнцыі "Францыск Скарына і яго час. 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання", якая праходзіць у Мінску з 30 лістапада па 2 снежня, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На адкрыцці міжнароднай канферэнцыі, дзе прымаюць удзел прадстаўнікі навуковай супольнасці краін СНД, са словамі прывітання звярнуліся першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт, намеснік Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Італіі ў Беларусі Паола Таніні, другі сакратар пасольства Польшчы ў Беларусі па пытаннях культуры Эльжбета Інеўска і іншыя.
Ірына Дрыга, зачытваючы прывітанне кіраўніка ведамства, адзначыла, што ў год 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання ў рэспубліцы рэалізаваны шэраг значных праектаў, адзін з іх - факсімільнае выданне спадчыны Скарыны. Цяперашняя сустрэча вучоных дасць магчымасць не толькі падагульніць раней праведзеную работу па даследаванні дзейнасці беларускага першадрукара, але і вызначыць шляхі прадаўжэння вывучэння яго спадчыны.
Паводле слоў намесніка пасла Італіі ў Беларусі, асоба Скарыны цесна звязвае дзве краіны. Прадоўжыць вывучэнне яго дзейнасці важна не толькі для таго, каб даведацца аб тым, што адбывалася ў той час, але і ўбачыць, як можна развівацца далей. Прыклад Скарыны - гэта прыклад, якім чынам чалавек можа ўнесці ўклад у развіццё сваёй эпохі, лічыць Паола Таніні.
Аб'яднальную ролю асобы Скарыны для еўрапейскіх краін адзначыў пасол Чэхіі Мілан Экерт. Ён выказаў надзею, што будуць адкрывацца новыя факты аб жыцці першадрукара, паколькі цікавасць да гэтай асобы расце ў еўрапейскіх краінах.
Эльжбета Інеўска дадала, што ў Польшчы ў 2017 годзе прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных асобе Скарыны і 500-годдзю кнігадрукавання. Сёння інфармацыя аб яго ўкладзе ў развіццё культуры становіцца ўсё больш распаўсюджанай, а сама асоба - шырока вядомай, падкрэсліла яна.
Даклады на секцыйных пасяджэннях прадставяць 76 удзельнікаў з Беларусі і краін СНД. Праблематыка канферэнцыі ўключае пытанні аб перакладах Бібліі на нацыянальныя мовы, абмеркаванне ролі нацыянальнай мовы ў развіцці культуры ва ўмовах глабалізацыі, значнасць асобы Францыска Скарыны і ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, гістарычныя і сучасныя біблейскія пераклады.
Францыск Скарына - вялікі беларускі першадрукар, выдатны асветнік і пісьменнік эпохі Адраджэння - унёс неацэнны ўклад у развіццё беларускай і ўсёй славянскай культуры. У 1517 годзе Францыск Скарына арганізаваў у Празе друкарню і выдаў там першую ва ўсходнеславянскім свеце друкаваную кнігу. За 1517-1519 гады ён пераклаў і апублікаваў 23 кнігі Бібліі. Пазней у Вільні асветнік выпусціў "Малую падарожную кніжку" (1522) і "Псалтыр" (1525).
Арганізатары навуковай канферэнцыі - Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.-0-