Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 верасня 2016, 17:18

Праспект Незалежнасці ў Мінску мае шанц намініравацца ў Спіс ЮНЕСКА - эксперт

16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праспект Незалежнасці ў Мінску мае шанц намініравацца ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў прафесар, загадчык кафедры планавання навакольнага асяроддзя Брандэнбургскага тэхналагічнага ўніверсітэта, прадстаўнік Інстытута кіравання спадчынай (Германія) Майкл Шміт.

Ён адзначыў, што праспект з'яўляецца найбольш важнай вуліцай беларускай сталіцы з пункту гледжання архітэктуры XX стагоддзя перыяду сацыялізму. Ці будзе праспект беларускай сталіцы прэтэндаваць на намінацыю ў спіс ЮНЕСКА самастойна, ці ў складзе транснацыянальнай серыйнай намінацыі, яшчэ трэба будзе абмяркоўваць. Папярэдне прапанова экспертаў па ўключэнні ў транснацыянальную серыйную намінацыю датычылася Карл-Маркс-алеі як галоўнай сацыялістычнай вуліцы ва Усходнім Берліне, праспекта Незалежнасці ў Мінску, Крашчаціка ў Кіеве, Маскоўскага праспекта ў Харкаве, вуліцы Маршалкоўскай у Варшаве.

На працягу двух дзён, 16 і 17 верасня, эксперты з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Германіі на навукова-практычным семінары ў Мінску абмяркуюць канцэпцыю будучай намінацыі, якая мае папярэднюю назву "Сацыялістычная пасляваенная архітэктура ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы", вызначаць, якія зоны галоўных магістралей у кожным з гарадоў, якія тэрыторыі архітэктурных ансамбляў могуць быць уключаны ў намінацыю. Спецыялісты сфарміруюць патрабаванні для падрыхтоўкі намінацыі, складуць план супрацоўніцтва. А ўжо ў лістападзе гэтага года ў беларускай сталіцы пройдзе другая сустрэча экспертаў, на якой плануецца абмеркаванне канчатковага варыянта канцэпцыі, зацвярджэнне плана работы над файлам. Тады ж з'явіцца вызначанасць па складзе намінацыі, яе геаграфічным прадстаўнiцтве, адзначыў эксперт.

Як дадала начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, праспект Незалежнасці ў Мінску раней быў уключаны ў папярэдні пералік прэтэндэнтаў на намінацыю ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі. Аднак пазней з-за камерцыйных пабудоў праспект было вырашана выключыць з ліку патэнцыяльных намінантаў. Тым не менш у кастрычніку 2015 года нямецкія эксперты, прадстаўнікі Інстытута кіравання спадчынай (Германія), прааналізавалі беларускі папярэдні спіс намінацый для ўключэння ў сусветную спадчыну. Яны адзначылі недахопы гэтых намінацый, магчымасці і перспектывы іх развіцця, унеслі прапановы па стварэнні новых намінацый. Тады ж былі выпрацаваны рэкамендацыі па падрыхтоўцы транснацыянальнай серыйнай намінацыі для Спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, прысвечанай сацыялістычнай пасляваеннай грамадзянскай архітэктуры ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Паводле слоў Алы Сташкевіч, эксперты лічаць гэту намінацыю перспектыўнай, паколькі ў Спісе Сусветнай спадчыны архітэктуры ХХ стагоддзя сёння ўдзелена не так шмат увагі.

Семінар праводзіцца Міністэрствам культуры Беларусі, Інстытутам культуры Беларусі і фондам "Культурная спадчына і сучаснасць" у супрацоўніцтве з універсітэтам Котбус-Зенфтэнберг (BTU CS, ФРГ) і Інстытутам кіравання спадчынай пры фінансавай падтрымцы Федэральнага міжнароднага дэпартамента.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі