Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 сакавіка 2018, 13:55

Падрыхтоўка ў Мінску брадвейскага мюзікла "Недалёка ад нормы" заняла тры гады

7 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тытулаваны брадвейскі рок-мюзікл "Недалёка ад нормы", прэм'ера якога адбудзецца ў мінскім тэатры "Тэрыторыя мюзікла" 28 сакавіка і 18 красавіка, закранае праблемы сучаснага чалавека. Аб гэтым расказала журналістам на закрытай прэзентацыі праекта мастацкі кіраўнік і рэжысёр-пастаноўшчык мюзікла Настасся Грыненка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гісторыю музычнага тэатра Беларусі мы ўжо ўвайшлі хаця б тым, што ставім мюзікл, музыка і п'еса якога напісаны ў XXI стагоддзі. Яго героі і гераіні не бароны і баранесы, а простыя людзі, як мы з вамі. Гэта простая амерыканская сям'я са сваімі ўзаемаадносінамі, якія вельмі блізкія нам усім", - адзначыла Настасся Грыненка.

Яна паведаміла, што падрыхтоўка брадвейскага мюзікла заняла тры гады. Шмат часу і сіл пайшло на пераклад п'есы. "Прыкладна паўгода перакладалі. Гэта асаблівая гісторыя, таму што трэба захоўваць рытм верша, рыфму, змест укласці. У мюзікле вельмі шмат медыцынскіх тэрмінаў: ёсць нумар, дзе акцёры агучваюць пералік лякарстваў і пабочных эфектаў. Гэта складаны матэрыял", - растлумачыла рэжысёр.

Над падрыхтоўкай вакальных партый з артыстамі працаваў спецыяльна запрошаны пасольствам ЗША ў Беларусі брадвейскі вакальны коўч Эндру Берн. Паводле слоў Настассі Грыненка, коўч адкрыў вочы беларускім акцёрам на іншы від вакалу і дапамог ім паверыць у сябе. "Дзякуючы яму ў нас заспявалі людзі, у якіх на працягу некалькіх гадоў былі праблемы ў вакальным плане. Ён дапамог набыць упэўненасць у сабе, разуменне, што ўсё рэальна, растлумачыў, што трэба для гэтага рабіць. Некаму, напрыклад, параіў займацца пілатэсам, некаму - адправіцца ў трэнажорную залу. Эндру - важны чалавек у праекце", - падкрэсліла Настасся Грыненка.

Брадвейскі рок-мюзікл "Недалёка ад нормы" прызнаны крытыкамі ў ЗША адным з лепшых шоу за апошнія 10 гадоў. На радзіме мюзікл атрымаў 11 намінацый і 3 вышэйшыя амерыканскія прэміі ў галіне музычнага тэатра Tony Award, а таксама Пулітцэраўскую прэмію ў намінацыі "Драма". Такой прэстыжнай узнагароды пастаноўка была ўдастоена, між іншым, "За пашырэнне магчымасцей і тэматыкі самога жанру". Спектакль вытрымаў больш за 700 паказаў на Брадвеі: мюзікл сучасных аўтараў Тома Кіта (музыка) і Браяна Ёркі (п'еса і вершы) узнімае важныя жыццёвыя, аднак даволі незвычайныя для тэатра тэмы.

Спектакль у Мінску стане трэцім сумесным праектам пастаноўшчыкаў з пасольствам ЗША ў Беларусі. У мюзікле заняты Святлана Маціеўская, Дзмітрый Якубовіч, Дзяніс Нямцоў, Аляксандр Асіпец, Паліна Дабравольская, Аляксандра Вайцяховіч, Эрык Абрамовіч і іншыя акцёры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі