Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 ліпеня 2017, 18:25

Моладзь упрыгожвае фасады будынкаў Магілёва ўрыўкамі з вершаў беларускіх паэтаў

19 ліпеня, Магілёў /Вольга Емяльянава - БЕЛТА/. Маладыя мастакі пачалі ўпрыгожваць фасады будынкаў Магілёва ўрыўкамі з вершаў беларускіх паэтаў. Першыя радкі ўжо з'явіліся ў адным з двароў па праспекце Міру, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Верш беларускай савецкай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц дзякуючы магілёўскай мастачцы Юліі Раткінай падарыў звычайнаму пейзажу кропельку рамантызму. Знаёмыя многім са школьнай лавы словы "Ты пакліч мяне. Пазаві. Сто дарог за маімі плячыма. Пачынаецца ўсё з любві. А інакш і жыць немагчыма" сталі напамінам прахожым пра каштоўнасць самага галоўнага пачуцця на свеце.

Ідэя належыць выпускнікам школы ініцыятыў "Цяпліца", якая другі сезон дапамагае актыўным магіляўчанам рэалізаваць цікавыя задумы, накіраваныя на паляпшэнне гарадскога жыцця і асяроддзя. Функцыянуе незвычайная навучальная ўстанова пад крылом Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Магілёва.

Як расказаў кіраўнік цэнтра Юрый Стукалаў, на працягу месяца дзякуючы маладым мастакам і падтрымцы выканаўчай улады ў дварах абласнога цэнтра з'явяцца яшчэ каля дзясятка ўрыўкаў з твораў сучасных аўтараў і класікаў беларускай літаратуры, у тым ліку Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш. На прэзентацыю арт-аб'екта з радкамі з верша маладога паэта Віталя Рыжкова запросяць самога аўтара, які цяпер жыве ў Мінску, але нарадзіўся і вучыўся ў Магілёве.

"Беларуская мова меладычная і непаўторная, а вершы, напоўненыя чуласцю, дабрынёй і любоўю да радзімы, імгненна раскрываюць усю яе прыгажосць. Спадзяёмся, што жыхары горада на Дняпры ацэняць нашу ініцыятыву, а аб'екты стануць дастойным упрыгажэннем абласнога цэнтра", - падкрэсліў Юрый Стукалаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі