Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 кастрычніка 2017, 17:54

"Лістапад" прадставіць рэстаўрыраваны шэдэўр Барыса Барнета "Дом на Трубнай" пад акампанемент

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кінафестываль "Лістапад" прадставіць рэстаўрыраваны шэдэўр Барыса Барнета "Дом на Трубнай" пад акампанемент Аляксея Айгі і Ансамбля 4'33'', паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары форуму.

Для "Лістапада" сталі традыцыяй паказы пад жывую музыку класічных стужак, створаных на заранку кінематографа. У гэтым годзе да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі Мінскі міжнародны кінафестываль падрыхтаваў для гледачоў асаблівы падарунак. У кінатэатры "Масква" 7 лістапада мінчане ўбачаць лірычную камедыю Барыса Барнета "Дом на Трубнай" (1928).

Гэта адначасова сатырычная камедыя і "гісторыя Золушкі" савецкай эпохі, апавяданне аб пострэвалюцыйным побыце 20-х гадоў. У гэты галавакружны віхор НЭПа трапляе дзяўчына-сялянка, якая прыбыла з роднай вёскі ў Маскву. Тут яна ўладкоўваецца хатняй работніцай да ўладальніка салона-цырульні Голікава і яго жонкі. Дом на Трубнай, дзе даводзіцца працаваць Парані, населены забаўнымі нэпманамі, паглыбленымі ў свой уласны свет, поўны мяшчанскай мітусні і плётак. Голікавы без усялякага сораму трэціруюць сваю служанку, прымушаючы сціплую і маўклівую Параню выконваць непасільную работу. Але ўсё мяняецца, калі жыхары дома даведваюцца, што Праскоўя Пітунова стала дэпутатам Массавета ад прафсаюза пакаёвак.

Роля хатняй работніцы Парані Пітуновай стала адной з першых у кар'еры Веры Марэцкай - народнай артысткі СССР і любімай актрысы цэлага пакалення. Рэжысёр карціны Барыс Барнет - магчыма самы недаацэнены геній савецкага кінематографа. Ён адзін з нямногіх, калі не адзіны рэжысёр сталінскай эпохі, каму ўдавалася захоўваць лёгкую інтанацыю, чалавекалюбства і шчырую пачуццёвасць у адлюстраванні савецкага жыцця. Барыс Барнет быў мастаком, які ўмеў захапляцца жанчынамі, суперажываць і абагаўляць, адлюстроўваць іх чароўныя вобразы на экране. "Дом на Трубнай" - адна з тых жамчужын кіно, у якім жанчыны кіруюць светам.

Аднак самае цудоўнае ў творчасці Барнета, як пісала гісторык кіно Нея Зоркая, яго "прыроднае, як музычны слых, адчуванне кінематографа". Пераканацца ў гэтым цудоўным дары трэба будзе на гэты раз гледачам "Лістапада".

Паказ фільма пройдзе пад акампанемент Ансамбля 4'33'', якім кіруе расійскі скрыпач і кампазітар Аляксей Айгі. Ён пісаў музыку для Пятра і Валерыя Тадароўскіх (у тым ліку для карціны "Краіна глухіх", якая заваявала галоўны прыз "Лістапада-1998"), Уладзіміра Хаціненкі, Паўла Лунгіна, Віталя Манскага, Ганны Мелікян, Кірыла Сярэбранікава. У 2016 годзе стварыў саўндтрэк да карціны Рауля Пека "Я вам не негр", намініраванай у гэтым годзе на прэмію "Оскар" як лепшы дакументальны фільм, і якая будзе паказана на "Лістападзе". У рамках праекта "Нямое кіно - Жывая музыка" кампазітар напісаў музыку да шасці легендарных стужак, сярод якіх "Метропаліс" Фрыца Ланга і дзве карціны Барыса Барнета, у тым ліку "Дом на Трубнай".

А 8 лістапада ў прасторы "Ок16" адбудзецца спецыяльны клубны канцэрт Аляксея Айгі і Ансамбля 4'33'' для гасцей і гледачоў фестывалю.

XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 3 па 10 лістапада пад слоганам "Ісціна, любоў і прыгажосць". Дырэкцыя галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Арганізатары - Міністэрства культуры, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі