Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лістапада 2016, 11:22

Качанава: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання павінна быць у аснове канцэпцыі Дня беларускага пісьменства ў Полацку

9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзень беларускага пісьменства - 2017 павінен стаць знакавай падзеяй. Аб гэтым заявіла намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава на пасяджэнні нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Полацку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Наталлі Качанавай, Дзень беларускага пісьменства будучага года асаблівы, паколькі гэта год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і год 1155-годдзя горада Полацка. Гэтыя дзве падзеі павінны быць асноўнымі ў канцэпцыі Дня беларускага пісьменства, сказала віцэ-прэм'ер.

Полацк прымае Дзень беларускага пісьменства ўжо трэці раз. Знакавыя падзеі сталі вызначальнымі ў выбары месца правядзення мерапрыемства. Сёння на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта ў Мінску будуць вызначаны задачы для ведамстваў па падрыхтоўцы маштабнага свята, якое прапануецца адкрыць у суботу 2 верасня. "Не зусім правільна, калі, адкрыўшы раніцай у нядзелю свята, ужо вечарам мы яго закрываем. Гэта павінна быць працяглае мерапрыемства", - лічыць Наталля Качанава.

На свяце, якое прадоўжыцца на працягу двух дзён, будуць прысутнічаць не толькі мясцовыя жыхары, але і жыхары Наваполацка, мноства гасцей. Ключавая канцэпцыя свята павінна быць падрыхтавана ў студзені будучага года, сказала віцэ-прэм'ер. Свята павінна стаць знакавым і запамінальным як для гараджан, так і для гасцей.

Актыўная работа па падрыхтоўцы святочных мерапрыемстваў чакаецца з боку беларускіх пісьменнікаў. Пройдуць іх сустрэчы з чытачамі, у працоўных калектывах, з моладдзю, каб расказаць аб гісторыі краіны, беларускай мовы, змяненнях у сферы культуры.

Наталля Качанава таксама адзначыла, што ў гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове прайшоў на высокім узроўні: арганізаваны новыя праекты, прайшлі шэраг цікавых мерапрыемстваў, шмат зроблена па добраўпарадкаванні горада, які прымаў свята.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі