12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інтрыга нацыянальнага адборачнага тура конкурсу "Еўрабачанне-2018" вырашыцца 16 лютага. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, у прамым тэлеэфіры будзе аб'яўлена імя выканаўцы, які прадставіць краіну на прэстыжным музычным форуме ў маі ў Лісабоне.
Падрыхтоўка да фінальнага гала-канцэрта пачата ўжо. У студыі "600 метраў" медыяхолдынга 13 лютага пачнецца работа па мантажы абсталявання і сцэны. Напярэдадні фіналу, 15 лютага, адбудуцца індывідуальныя рэпетыцыі. Генеральны прагон у рэжыме прамога эфіру пройдзе днём 16 лютага.
Фінальнае шоу пачнецца ў 22.15 і будзе трансліравацца на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", у анлайн-рэжыме на сайце медыяхолдынга tvr.by, а таксама прамую трансляцыю канцэрта будзе весці радыёстанцыя "Радыус FM" (103,7 FM).
На фінішную прамую выйшлі 10 канкурсантаў, якія выступяць у наступным парадку: 1. Adagio "Ты і я", 2. Alekseev "Forever", 3. Shuma "Хмаркі", 4. Napoli "Chasing Rushes", 5. Настасся Малашкевіч "World on Fire", 6. Гюнеш "I won't Cry", 7. Радыёхваля "Subway Lines", 8. Alen Hit "I don't Care", 9. Lexy Weaver "Ain't You", 10. Кірыл Гуд "Deja Vu".
Паводле слоў арганізатараў, тэлегледачоў і гасцей у студыі чакае шмат сюрпрызаў, пачынаючы ад якасці карцінкі да цікавых графічных рашэнняў, якія ўразяць аўдыторыю.
У вялікім канцэрце, акрамя фіналістаў, прымуць удзел спецыяльныя госці, сярод якіх - група NaviBand, што прадстаўляла Беларусь на конкурсе "Еўрабачанне-2017", а таксама самыя яркія артысты гэтага і мінулагодняга нацыянальных адбораў: Віялета Багінская, Angelina Pipper, Іван Зданюк, Анжаліка Пушнова, Лізавета Мураўёва, Іюль, Michael Soul, трыа "Беатрыс".
Вядучымі гала-канцэрта стануць Вольга Рыжыкава і Тэа.
Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" будзе вызначаны ў час трансляцыі фіналу галасаваннем тэлегледачоў і прафесійнага журы па класічнай формуле 50х50.
Па традыцыі, пераможца атрымае спецыяльную ўзнагароду - стылізаванае "еўравізійнае" сэрца, вырабленае на заказ Белтэлерадыёкампаніі шклозаводам "Нёман". Прызы і падарункі для пераможцы і фіналістаў падрыхтавалі і іншыя спонсары праекта.
Арганізацыю нацыянальнага адборачнага тура і далейшую падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-