Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 лістапада 2017, 09:32

Гала-канцэрт салістаў Вялікага тэатра - лаўрэатаў Дзяржпрэміі сабраў аншлаг

15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гала-канцэрт салістаў Вялікага тэатра - лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, які прайшоў 14 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, сабраў аншлаг, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў журналістам перад канцэртам генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка, гэту праграму падрыхтавалі ў Вялікім тэатры, каб глядач меў магчымасць убачыць герояў мастацтва, якімі можна лічыць лаўрэатаў Дзяржпрэміі.

Дзяржаўная прэмія - гэта найвышэйшая ацэнка заслуг перад грамадствам, лічыць ён. "Людзі, якія служаць мастацтву, з'яўляюцца сапраўднымі героямі. Арганізуючы гэты канцэрт, мы хацелі паказаць нашым гледачам майстэрства лепшых з лепшых. Сёння ў тэатры працуюць восем чалавек, якія з'яўляюцца лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі, і мы ганарымся гэтым фактам", - сказаў Уладзімір Грыдзюшка.

У глядзельнай зале не было свабодных месц, а каля ўвахода ў тэатр мноства жадаючых трапіць на канцэрт шукалі лішні білет. Гэта яркае сведчанне таго, што беларускі глядач цэніць сапраўднае мастацтва, любіць і паважае сваіх артыстаў. Гендырэктар тэатра не выключыў магчымасці паўтору гэтага канцэрта ў будучым.

Вядучыя салісты 14 лістапада выйшлі на сцэну тэатра ў вобразах, якія публіка даўно палюбіла. Прагучалі арыя Кізгайлы з оперы "Сівая легенда" ў выкананні Станіслава Трыфанава (нотку святлай маркоты прыўнесла ў канцэрт музыка Дзмітрыя Смольскага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі (1980), які гэтай восенню пайшоў з жыцця). Сяргей Франкоўскі праўстаў у ролі Каніа з шэдэўра Руджэра Леанкавалы "Паяцы". Ніна Шарубіна праспявала Ave Maria Джуліа Качыні. Непаўторная Аксана Волкава выканала арыю Далілы з оперы Каміля Сен-Санса. Настасся Масквіна пранікнёна спявала Антаніна Дворжака. Арыя Русалкі прагучала на канцэрце, як і многія іншыя дуэты і арыі з самых вядомых твораў Пятра Чайкоўскага, Мікалая Рымскага-Корсакава, Джаакіна Расіні, Жоржа Бізэ, Джузэпэ Вердзі, Джакама Пучыні і інш.

У канцэрне быў заняты хор тэатра, якім кіруе Ніна Ламановіч, і аркестр, які ўвечары павеў за сабой вядомы дырыжор народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат прэстыжнай тэатральнай прэміі "Залатая Маска", кавалер ордэна Францыска Скарыны Аляксандр Анісімаў. Маэстра стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі за пастаноўку оперы "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Солтана ў 1990 годзе.

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна ўдастоена Дзяржаўнай прэміі ў 2012 годзе за выдатныя дасягненні вакальнага і выканальніцкага майстэрства, якія маюць высокую эстэтычную каштоўнасць і ўносяць значны ўклад у беларускую нацыянальную культуру. Дзяржаўная прэмія за 2016 год у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджана калектыву Вялікага тэатра: галоўнаму хормайстру, народнай артыстцы Беларусі, уладальніцы ордэна Францыска Скарыны Ніне Ламановіч, народнай артыстцы Беларусі Настассі Масквіной, народнаму артысту Беларусі, уладальніку ордэна Францыска Скарыны Сяргею Франкоўскаму, заслужанай артыстцы Беларусі Аксане Волкавай, заслужанаму артысту Беларусіи Станіславу Трыфанаву, галоўнаму мастаку тэатра, уладальніку медаля Францыска Скарыны Аляксандру Касцючэнку - за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцей і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага "Сівая легенда" паводле твора Уладзіміра Караткевіча.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі