Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 красавіка 2018, 19:31

Двухметровы буквар упрыгожыў вернісаж у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Памятны знак - двухметровы аб'ёмны "Буквар" - адкрыты сёння на міжнароднай выстаўцы "Буквары народаў свету" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэты галоўны сімвал юбілейных падзей - 400-годдзя выдання беларусамі першага ў свеце "Буквара" - увасабляе важкасць і каштоўнасць унікальнага выдання, якое закладае асновы культуры і з'яўляецца пачаткам шляху асваення ведаў.

Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця вернісажу дырэктар НББ Раман Матульскі, буквары даюць магчымасць атрымаць уяўленне, наколькі вялікі свет і як многа людзей вучацца размаўляць на роднай мове, любіць і шанаваць яе. "Тэма буквара вечная. Бо ва ўсе часы людзі будуць вучыцца, вучыцца роднай мове і атрымліваць першыя веды аб розных сферах жыцця", - сказаў Раман Матульскі.

Аснову выстаўкі склала ўнікальная прыватная калекцыя буквароў і азбук латвійскага педагога, аўтара буквароў і кніг аб народах свету і іх мовах, калекцыянера Юрыса Цыбульса. Калекцыя, якая налічвае больш за 10 тыс. выданняў больш як на 1 тыс. моў, - найбуйнейшая ў свеце.

Частка экспазіцыі - буквары XVI-ХХI стагоддзяў з фондаў НББ. Іх ужо мелі магчымасць убачыць наведвальнікі і раней, бо месяц таму бібліятэка прэзентавала свой выставачны праект "Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі".

Усяго ж у экспазіцыі міжнароднага праекта "Буквары народаў свету" прадстаўлена каля 1 тыс. 400 буквароў на 587 мовах. Гэта кнігі з Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі.

Наведаць выстаўку, якая будзе працаваць у Музеі кнігі да верасня, могуць усе жадаючыя - па чытацкім білеце НББ або па білеце разавага наведвання.

Выстаўка арганізавана пры ўдзеле пасольства Латвіі ў Беларусі, пасольства Беларусі ў Латвіі, праекта мабільнасці Еўрапейскага саюза MOST.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі