7 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэзентацыя дзіцячага фільма "Тум-Пабі-Дум" рэжысёра Вячаслава Нікіфарава, створанага на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", адбылася 6 снежня ў Маскве. Яна прайшла ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі ў рамках падрыхтоўкі да святкавання 95-годдзя беларускага кіно, якое будзе адзначацца ў 2019 годзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.
"Паказ фільма стаў добрай магчымасцю азнаёміць гасцей з дзіцячым беларускім кінематографам, сумясціць прэзентацыю з дабрачыннай каляднай акцыяй для дзяцей-сірот", - сказалі ў прэс-службе.
Дзіцячае кіно - адна з візітных картак беларускага кінематографа. "Рэжысёр фільма Вячаслаў Нікіфараў паспрабаваў аднавіць на экране маральны свет сучасных дзяцей, - адзначылі ў дыпмісіі. - Зусім не такі, якім ён бачыцца сучасным дарослым. Атрымалася кіно для дзяцей пра дарослыя праблемы - кранальная, адначасова сумная і смешная гісторыя аб неардынарным 10-гадовым хлопчыку Сан Санычы. Выхаванец дзіцячага дома Санёк вырашае знайсці бацькоў для сябе і сваёй падапечнай Алесі. Хлопчык вымушаны гуляць па дарослых законах, што ставіць яго перад сур'ёзным маральным выбарам".-0-