7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча пройдзе з 17 па 22 лістапада ў Бабруйску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве культуры Беларусі.
У адпаведнасці з новым фарматам творчага форуму рэпертуарная афіша фарміруецца з лепшых спектакляў бягучага тэатральнага сезона, пастаўленых паводле твораў беларускіх драматургаў, у конкурсных праграмах "Спектакль тэатра драмы" і "Эксперымент". У кожнай з іх можа быць прадстаўлена да шасці спектакляў.
Экспертная камісія адабрала для праграмы "Спектакль тэатра драмы" пастаноўкі "Пясняр" (В.Дранько-Майсюк, рэжысёр В.Еранькова) Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага; "Карона з кахання" (А.Дзялендзік, рэжысёр В. Расстрыжанкоў) Мінскага абласнога драматычнага тэатра (г. Маладзечна); "Кропкі на часавай восі" (Д.Багаслаўскі, рэжысёр Т.Траяновіч) Магілёўскага абласнога тэатра імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск); "Тарас на Парнасе" (С.Кавалёў, рэжысёр В.Сявец) Слонімскага драматычнага тэатра; "Сіндром Медэі" (Ю.Чарняўская, рэжысёр К.Аверкава) Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і "Кар'ера доктара Рауса" (В.Марціновіч, рэжысёр А.Гарцуеў) гэтага ж тэатра.
Пастаноўкі "Опіум" (В.Каралёў, рэжысёр А.Марчанка) Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн"; "Ладдзя Роспачы" (У.Караткевіч, рэжысёр А.Ляляўскі) Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек; "Камедыя Юдзіфі" (С.Кавалёў, рэжысёр А.Жугжда) Гродзенскага абласнога тэатра лялек; "Скарына" (М.Руткоўскі, рэжысёр С. Варнас) Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра; "Сіняя-сіняя" (У.Караткевіч, рэжысёр І.Казакоў) Магілёўскага абласнога тэатра лялек; "Поле" (П.Пражко, рэжысёр Д.Валкастрэлаў) незалежнай тэатральнай групы з Санкт-Пецярбурга "тэатр post" прымуць удзел у праграме "Эксперымент".
Журы трэба будзе вызначыць у кожнай конкурснай праграме пераможцаў у намінацыях "Лепшы спектакль"; "Лепшая мужчынская роля"; "Лепшая жаночая роля"; "Лепшая мужчынская роля другога плана"; "Лепшая жаночая роля другога плана"; "Лепшая п'еса сучаснага беларускага аўтара"; "Лепшая рэжысура"; "Лепшая сцэнаграфія".
Конкурсная праграма ўключае абмеркаванне спектакляў крытыкамі, арганізацыю канферэнцый, сустрэч з творчымі калектывамі. Аргкамітэт фарміруе і пазаконкурсную праграму форуму.-0-