28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заснавальнік кампаніі Tesla Ілан Маск зноў стаў самым багатым бізнесменам у свеце, яго капітал упершыню перасягнуў $200 млрд, інфармуе Forbes.
Паведамляецца, што 27 верасня Ілан Маск стаў багацейшым на $3,8 млрд, а на момант закрыцця фондавых рынкаў яго маёмасць склала $203,4 млрд. Маск стаў трэцім чалавекам у гісторыі, чый капітал дасягнуў такой адзнакі.
Багацце бізнесмена вырасла следам за працяглым уздымам акцый Tesla. 27 верасня яны падаражэлі больш як на 2 працэнты і дасягнулі максімальнай цаны закрыцця з лютага 2021 года - $791,36.
Другое месца ў спісе найбагацейшых бізнесменаў планеты заняў заснавальнік Amazon Джэф Безас, тройку замкнуў уладальнік Louis Vuitton і Dior Бернар Арно. Паводле даных Forbes на раніцу 28 верасня, іх капіталы ацэньваліся ў памеры $197,7 млрд і $175,2 млрд.
На сённяшні дзень Ілан Маск нават багацейшы, чым на піку росту Tesla ў студзені бягучага года, калі ён упершыню стаў самым заможным чалавекам планеты. Як тлумачыць Forbes, бізнесмен атрымаў дадатковыя апцыёны на акцыі, якія павялічылі яго долю ў Tesla. Усяго мільярдэру прыналежыць больш за 20 працэнтаў узначаленага ім аўтаканцэрна.-0-