Сцяг Чацвер, 15 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 снежня 2024, 15:58

Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі выйграла трэці матч у РХЛ

21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі атрымала трэцюю перамогу ў новым сезоне Рэспубліканскай хакейнай лігі (РХЛ), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння на лёдзе "Алімпік-Арэны" ў Мінску дружына кіраўніка дзяржавы абыграла каманду Брэсцкай вобласці з лікам 8:2 (2:0, 4:1, 2:1).

Гаспадары, як звычайна, адразу пайшлі ў атаку, і ўжо на другой мінуце сустрэчы Андрэй Касціцын адправіў першую шайбу ў вароты брастаўчан. Яшчэ праз 7 мінут пасля дакладнага паса Касціцына вызначыўся Дзяніс Курдзека. У самым пачатку другога перыяду Вадзім Слепчанка скараціў разрыў да мінімуму, але тут жа Аляксей Шантыка зноў з перадачы Касціцына зрабіў лік 3:1. Потым, зноў жа пасля галявога паса Касціцына, вызначыўся Яраслаў Чупрыс. Затым спрацаваў сямейны тандэм - па шайбе ў свой актыў запісалі Алег Антоненка і Арцём Антоненка. У заключнай трэці матчу перавага гаспадароў таксама была адчувальнай. Сваю другую шайбу закінуў Дзяніс Курдзека, прычым зноў адным з яго асістэнтаў быў Андрэй Касціцын, які ўзначаліў бамбардзірскую гонку, набраўшы 10 ачкоў па сістэме "гол плюс пас" (3+7). На апошняй мінуце гульні сапернікі абмяняліся галамі - на другі дакладны кідок Яраслава Чупрыса госці адказалі шайбай Яраслава Білішчука.

Лепшымі ігракамі сённяшняга матчу прызнаны Вадзім Слепчанка і Андрэй Касціцын. Прызы ім уручыў памочнік кіраўніка Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Павел Ягораў.

Па ўжо даўно існуючай традыцыі ў перапынках хакейнага матчу гледачы ўбачылі музычныя нумары, прынялі ўдзел у конкурсах на лядовай пляцоўцы, а пасля завяршэння гульні сталі ўладальнікамі мяккіх цацак ад прэзідэнцкай каманды.

У першым туры лядовая дружына кіраўніка дзяржавы перамагла ў Мінску хакеістаў Гродзенскай вобласці (10:3), а затым у Жлобіне выйграла ў каманды Гомельскай вобласці (5:2).

У фінальнай серыі мінулага аматарскага турніру лядовая дружына Прэзідэнта двойчы абыграла хакеістаў Мінскай вобласці - 5:2 і 10:8 і 15-ы раз стала пераможцай гэтых спаборніцтваў. Па адным тытуле ў каманд Гомельскай і Мінскай абласцей.

Арганізатары хакейнага аматарскага турніру - Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі