
16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Чэхіі апасаюцца, што з-за істотных ільгот для бежанцаў краіна сутыкнецца з праблемай "датацыйных турыстаў". Таму прынята рашэнне ўзмацніць правілы атрымання гуманітарнай дапамогі бежанцам з Украіны. Аб гэтым паведамляе папулярны ў Чэхіі сайт навін Novinky.cz.
Паводле слоў міністра адукацыі Чэшскай Рэспублікі Петра Газдзіка, трэба ўнесці значныя папраўкі да праекта Lex Ukraine, па якім бежанцы маглі атрымліваць дапамогу ў памеры 5 тыс. чэшскіх крон (каля 200 еўра). Сенат прыняў ужо абноўлены закон па гэтым пытанні і перадаў яго прэзідэнту Чэхіі.
У прыватнасці, дапамогу не будуць плаціць тым украінскім бежанцам, якія ўжо атрымалі ад улад Чэхіі бясплатнае жыллё і харчаванне. Акрамя таго, плануецца сачыць за інфармацыяй, ці пражываюць у Чэхіі зарэгістраваныя бежанцы.
Абноўлены закон таксама закране медыцынскае страхаванне бежанцаў і ўзнос у дамашнія гаспадаркі за іх бясплатнае пражыванне. Устаноўлена, што Чэхія будзе пакрываць страхоўку толькі да 150 дзён.
Мэта навацый - матываваць перасяленцаў далучыцца да рынку працы, адзначыў Петр Газдзік.
Раней улады Прагі вырашылі закрыць цэнтр дапамогі бежанцам, паколькі чэшская сталіца вельмі перагружана.-0-