Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
09 снежня 2021, 14:40

У Мінску адкрылі біятлонную базу СДЮШАР па зімовых відах спорту

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску на вул. Каліноўскага адкрылі біятлонную базу спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прафсаюзаў (СДЮШАР) па зімовых відах спорту, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК.

Павіншаваць з гэтай падзеяй юных спартсменаў прыехалі віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, а таксама беларуская біятланістка Людміла Ананька.

Дзмітрый Даўгалёнак выказаў надзею, што са сцен спартшколы выйдзе нямала будучых чэмпіёнаў. "У наш век камп'ютарных тэхналогій магчымасць для дзяцей займацца фізічнай культурай і спортам асабліва каштоўная. Спадзяёмся, у спартшколу па зімовых відах спорту прыйдзе нямала хлопчыкаў і дзяўчынак з бліжэйшых жылых раёнаў і з карысцю для сябе правядзе час на трэніроўках", - сказаў віцэ-прэзідэнт НАК. Ён таксама ўручыў сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару і абсталявання.

У школе будуць працаваць тры аддзяленні: біятлона (118 навучэнцаў), лыжнага дваябор'я і скачкоў з трампліна (68) і лыжных гонак (37). Для пашырэння спартыўнай часткі СДЮШАР і больш якасных трэніровак па ініцыятыве Мінспорту прапанавана задзейнічаць базу РЦАП па лёгкай атлетыцы. Як адзначылі ў школе, ужо набралі тры групы (27 дзяцей) па пачатковай падрыхтоўцы. Выхаванцамі мінскай СДЮШАР па зімовых відах спорту з'яўляюцца многія атлеты, якія раней уваходзілі ў нацыянальныя каманды, сярод іх удзельнікі Алімпійскіх гульняў Аляксандр Лазуткін, Максім Анісімаў і Пётр Чаадаеў.

Праект рэалізуецца Федэрацыяй прафсаюзаў пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дадалі ў прэс-службе ФПБ.

У сістэме Федэрацыі прафсаюзаў дзейнічаюць 103 спартшколы. Большасць з іх пабудаваны некалькі дзесяцігоддзяў таму. У апошнія гады прафсаюзы мэтанакіравана працуюць над абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы: рамантуюцца памяшканні, спартыўныя залы, устанаўліваецца сучасны спартыўны рыштунак. Напрыклад, у мінулыя гады практычна ва ўсе спецыялізаваныя спартыўныя прафсаюзныя школы закуплены новы рыштунак для заняткаў лыжным спортам, абноўлены больш за 100 спартыўных аб'ектаў, адкрываюцца дадатковыя аддзяленні па запатрабаваных напрамках.

"Сёння не толькі дзеці, але і ўсё больш дарослых хочуць займацца спортам. Спорт - гэта настрой, характар, здароўе. Вельмі важна, каб была даступнасць такіх заняткаў, - падкрэсліў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. - Нашы спартыўныя прафсаюзныя школы якраз і працуюць для гэтага. У нас усе заняткі праходзяць на бясплатнай аснове. Мы бяром усіх жадаючых дзяцей. Няважна, ёсць здольнасці, не, галоўнае - жаданне і воля. І, вядома, мы стараемся забяспечыць камфортныя ўмовы для заняткаў. Мы гэта робім не толькі дзеля высокіх дасягненняў, але і для таго, каб у дзяцей было больш магчымасцей рэалізаваць сябе, правесці час з карысцю".

Дарэчы, зімовыя віды спорту - адны з найбольш масавых і запатрабаваных сярод дзяцей, якія займаюцца ў спартшколах прафсаюзаў. Што датычыцца непасрэдна біятлона, то ўсяго ў рэспубліцы працуюць 4 такія аддзяленні, у якіх трэніруюцца больш за 630 дзяцей і падлеткаў пад кіраўніцтвам амаль 40 вопытных педагогаў.

Як адзначыў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, абнаўленне базы Мінскай гарадской прафсаюзнай спартшколы па зімовых відах спорту стала імпульсам для прыцягнення дзяцей у спорт. У школу набраны тры дадатковыя групы па пачатковай падрыхтоўцы, а гэта больш за 100 чалавек.

"Праведзеная работа па рамонце - толькі пачатак. Калі будзеце якасна, добра займацца, паказваць вынікі, пераходзіць у вышэйшае звяно падрыхтоўкі, мы зможам далей развіваць школу, - звярнуўся да выхаванцаў установы Сяргей Кавальчук. - Гэта школа - наш падарунак вам, ну а за вамі - вашы дастойныя выступленні".

Установа "Мінская гарадская СДЮШАР прафсаюзаў па зімовых відах спорту" створана ў 1972 годзе. Школа праводзіць падрыхтоўку па трох напрамках - біятлон, лыжныя гонкі, лыжнае дваябор'е і скачкі на лыжах. На сённяшні дзень у спартшколе займаюцца 223 чалавекі, у тым ліку на аддзяленні біятлона 118. У трэнерскім складзе - 15 педагогаў. У 2020 годзе перададзена ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі 7 чалавек, у 2021 годзе - 3 чалавекі. Выхаванцы спартшколы ў складзе нацыянальнай каманды - Святлана Андрыюк (лыжныя гонкі), Аліна Пільчук (біятлон). У зборных камандах - 5 чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі