Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
16 красавіка 2019, 14:12

У Барселоне і Турыне вызначацца першыя паўфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першыя ўдзельнікі паўфінальнай стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў вызначацца сёння ў іспанскай Барселоне і італьянскім Турыне, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Футбалісты "Барсы" ў першым паядынку 1/4 фіналу перамаглі ў гасцях англійскі "Манчэстэр-Юнайтэд" (1:0) і сёння на сваім "Камп Ноу" збіраюцца замацаваць поспех і прабіцца ў квартэт паўфіналістаў ЛЧ. У мінулы ўік-энд у 32-м туры іспанскага чэмпіянату "Барселона" не змагла адолець у гасцях "Уэску" (0:0), але ўсё роўна ўпэўнена ідзе на першым месцы. "Мачэстэр-Юнайтэд" у 34-м туры англійскай прэм'ер-лігі перайграў на сваім полі "Вэст Хэм" (2:1) і працягвае барацьбу за месца ў прызавой тройцы.

Лідар італьянскага першынства турынскі "Ювентус" пасля нічыёй у Амстэрдаме з галандскім "Аяксам" (1:1) сёння ў сябе дома пастараецца перамагчы і працягнуць барацьбу ў галоўным кантынентальным клубным турніры. У 32-м туры серыі А турынцы нечакана прайгралі ў гасцях СПАЛу (1:2), але па-ранейшаму намнога апярэджваюць сваіх канкурэнтаў у чэмпіёнскай гонцы. Футбалісты "Аякса" ў 30-м туры галандскага першынства разграмілі на сваёй арэне "Эксельсіёр" (6:2) і дзеляць з ПСВ першае-другое месцы ў турнірнай табліцы, набраўшы па 74 ачкі.

Яшчэ два чвэрцьфіналы ў адказ чэмпіёнскай Лігі адбудуцца 17 красавіка. У другой частцы англійскага дэрбі футбалісты лонданскага "Тотэнхэма" ў гасцях у "Манчэстэр Сіці" паспрабуюць утрымаць мінімальную перавагу, здабытую на сваёй новай арэне (1:0). Лідар англійскага чэмпіянату "Ліверпуль", перамогшы ў сябе дома партугальскі "Порту" (2:0), і на выездзе не збіраецца ўступаць сапернікам дарогу ў паўфінал.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі