Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
07 верасня 2021, 13:37

На "Мінск-Арэне" балельшчыкі могуць ушанаваць памяць хакеістаў яраслаўскага "Лакаматыва"

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску сёння, у дзень дзясятай гадавіны з дня гібелі хакеістаў яраслаўскага "Лакаматыва", балельшчыкі могуць ушанаваць памяць каманды. З 7.00 да 22.00 каля ўвахода на "Мінск-Арэну" можна ўскласці кветкі і ўспомніць ігракоў, якія сталі ахвярамі авіякатастрофы ў аэрапорце Тунашна, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У ліку 44 загінулых былі і тры беларусы: капітан нацыянальнай зборнай Руслан Салей, форвард Сяргей Астапчук і трэнер па фізпадрыхтоўцы Мікалай Крываносаў. 10 гадоў таму 7 верасня "Лакаматыў" накіроўваўся ў беларускую сталіцу на матч з мінскім "Дынама", але адразу пасля ўзлёту самалёт Як-42Д пацярпеў крушэнне.

І менавіта сёння мінскае "Дынама" згуляе з "Лакаматывам" у Яраслаўлі. У цяперашнім складзе мінчан ёсць ігракі і трэнеры, якія выдатна ведалі загінулых беларусаў. Так, варатар той дынамаўскай каманды, а цяпер адзін з яе трэнераў Андрэй Мезін расказаў сайту "Дынама-Мінск", што даведаўся аб страшнай трагедыі 7 верасня 2011-га ў час першага матчу сезона паміж "Салаватам Юлаевым" і "Атлантам". "Спачатку не мог паверыць: як так? Здавалася, што гэта чыйсьці недарэчны жарт. Гэта быў шок. Зразумела, што бліжэй за ўсё мне быў Руслан Салей. Не скажу, што мы сустракаліся вельмі часта, бо ў асноўным пастаянна жылі і гулялі ў розных краінах. Але ў Мінску ў нас кватэры побач, летам бачыліся часцей. Зразумела, праводзілі разам час на чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях. Руслан быў лідарам, заўсёды мэтанакіраваным і жыццярадасным, справядлівым, па натуры - баец", - сказаў трэнер.

Яшчэ адзін былы партнёр Руслана Салея па зборнай Беларусі Андрэй Міхалёў успамінае: "Мы рыхтаваліся да першай гульні сезона, правялі трэніроўку. "Лакаматыў" павінен быў прыляцець пасля абеду. Бліжэй да вечара з'явілася інфармацыя, што разбіўся самалёт. Гэта быў шок. На наступны дзень у раздзявалцы была мёртвая цішыня. З Русланам Салеем былі знаёмы па матчах зборнай Беларусі. Гэта вялікі хакеіст. Столькі матчаў правёў у НХЛ, у тым ліку ў фінале Кубка Стэнлі. Ён вельмі хацеў выйграць Кубак Гагарына. Чакаў матч у родным Мінску. Пасля навін аб падзенні самалёта з'явіліся чуткі, што ў Мінск ён паехаў на машыне на дзень раней. Але ён сеў у самалёт. З Мікалаем Крываносавым размаўлялі, пастаянна перапісваліся. Ён працаваў у "Атланце", "Дынама", потым перайшоў у "Лакаматыў". Мікалай жыў сваёй работай. У любы момант да яго можна было звярнуцца за парадай. Ён быў маладзейшы за мяне і многіх іншых хакеістаў, але да яго меркавання прыслухоўваліся".

Абаронца Дзмітрый Корабаў, які і цяпер гуляе ў складзе "зуброў", сказаў: "Той стан не перадаць. У "Лакаматыве" гуляў Сяргей Астапчук, мы з ім аднаго ўзросту, разам пачыналі займацца хакеем у Наваполацку. З Русланам Салеем разам гулялі ў зборнай Беларусі. Колькі класных хлопцаў загінула ў той аварыі 2011 года. На наступную раніцу ў маю кватэру нехта патэлефанаваў праз дамафон. Я падняў трубку, але ніхто не адказаў. Вырашыў, што памыліліся. Праз мінуты дзве-тры нехта падняўся на ліфце, пачуўся званок у дзверы. Я адкрыў і выйшаў, але нікога не ўбачыў. Падумаў, што гэта Сярога або Руслан заходзіў".

Міхаіл Грабоўскі кажа, што той яраслаўскі "Лакаматыў" будуць помніць заўсёды: "Зусім нядаўна, у жніўні разам з мінскім "Дынама" выйгралі Кубак Салея, яшчэ раз аддалі належнае нашаму праслаўленаму хакеісту. Джэрсі з яго прозвішчам заўсёды ў раздзявалцы зборнай Беларусі. Калі мінскае "Дынама" прыязджае ў Яраслаўль, то заўсёды ўскладаем кветкі да мемарыяла. Шкада, што цяпер няма такіх лідараў, як Руслан Салей. Наша задача расказаць як гуляў Руслан, за кошт чаго ён дасягнуў такога выніку. У яго была неверагодная працаздольнасць і працавітасць. У НХЛ ён правёў 917 матчаў, дайшоў да фіналу Кубка Стэнлі. Пры ім было ўсё, у тым ліку самае галоўнае - характар ​​хакейнага байца. У Амерыцы ён мне дапамагаў, калі я толькі апынуўся ў "Манрэалі", гаварыў, каб я не перажываў, працаваў і прабіваўся ў НХЛ, падказваў, зыходзячы са свайго вопыту".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі