Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 снежня 2020, 10:45

"Мяшкоў Брэст" перамог "Эльверум" у гандбольнай Лізе чэмпіёнаў

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Мяшкоў Брэст" атрымаў перамогу над нарвежскім "Эльверумам" з лікам 29:27 у групавым этапе гандбольнай Лігі чэмпіёнаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча на паркеце брэсцкага спарткомплексу "Вікторыя" праходзіла ў роўнай барацьбе, сапернікі папераменна выходзілі наперад, але ў канцоўцы гаспадары аказаліся мацнейшыя і дасягнулі перамогі з перавагай два мячы. Самым рэзультатыўным у складзе мяшкоўцаў стаў Вячаслаў Шумак, які закінуў 6 мячоў. Выдатна згуляў галкіпер брастаўчан Іван Пешыч, які адбіў 13 кідкоў сапернікаў. Да гэтага брэсцкія гандбалісты перамаглі ў сябе дома паўночнамакедонскі "Вардар" (24:22), французскі "Пары Сен-Жэрмен" (32:31) і венгерскі "Пік" (26:24), разышліся мірам у гасцях з нямецкім "Фленсбургам" (29:29), а таксама ўступілі на выездзе партугальскаму "Порту" (25:27) і польскаму "Кельцы" (27:34). Свой наступны матч "Мяшкоў Брэст" правядзе 9 снежня ў Сегедзе супраць "Піка", які ўступіў у гасцях "Фленсбургу" з лікам 24:26. Сустрэчы "Пары Сен-Жэрмен" - "Кельцы" і "Порту" - "Вардар" перанесены.

Турнірнае становішча: "Кельцы" - 13 ачкоў (8 матчаў), "Фленсбург" - 11 (7), "Мяшкоў Брэст" - 9 (7), "Пары Сен-Жэрмен" - 6 (6), "Порту" - 6 (8), "Вардар" - 3 (5), "Пік" - 2 (5), "Эльверум" - 2 (6).

Лідары папярэдняй групы В гандбалісты іспанскай "Барселоны" атрымалі сваю восьмую вікторыю запар, перамогшы ў гасцях дацкі "Ольбарг" з вынікам 35:32. Венгерскі "Веспрэм" упэўнена перамог на сваёй пляцоўцы нямецкі "Кіль" - 41:33. Чэмпіён Украіны запарожскі "Матор" перамог на сваёй пляцоўцы славенскі "Цэле" з лікам 31:29. Беларускі легіянер запарожцаў Вячаслаў Бохан закінуў 6 мячоў, у актыве Барыса Пухоўскага - 4 галы, тройчы вызначыўся Максім Бабічаў.

Матч "Заграб" (Харватыя) - "Нант" (Францыя) перанесены.

Турнірнае становішча ў групе В: "Барселона" - 16 ачкоў (8 матчаў), "Веспрэм" - 13 (8), "Ольбарг" - 10 (9), "Кіль" - 7 (8), "Матор" - 6 ( 6), "Нант" - 4 (5), "Цэле" - 2 (8), "Заграб" - 0 (6).

Групавы этап чэмпіёнскай Лігі павінен завяршыцца ў пачатку сакавіка 2021 года. Па дзве лепшыя каманды адразу выйдуць у чвэрцьфінал, а клубы, якія зоймуць 3-6-я месцы, згуляюць у 1/8 фіналу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі