23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вопытны лыжнік Сяргей Далідовіч знаходзіцца ў выдатнай спартыўнай форме і рыхтуецца да сваёй сёмай Алімпіяды. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказаў старшыня Беларускай федэрацыі лыжных гонак Андрэй Каваленка.
"Учора аддадзены спісы нашай каманды на зацвярджэнне да ўдзелу ў Алімпіядзе. У дакуменце сярод сямі прозвішчаў лыжнікаў ёсць і Сяргей Далідовіч", - сказаў Андрэй Каваленка.
Старшыня федэрацыі падкрэсліў, што 44-гадовы атлет знаходзіцца ў добрай спартыўнай форме. "Сяргей Далідовіч цяпер у выдатных спаборніцкіх кандыцыях. На мінулых выхадных ён прымаў удзел у скіятлоне ў Аўстрыі і паказаў у ходзе падрыхтоўкі да Алімпіяды нядрэнныя рэзультаты", - адзначыў старшыня федэрацыі. У планах Сяргея Далідовіча таксама выступленне на этапе Кубка свету, які пройдзе ў Аўстрыі 27-28 студзеня.
Беларускі лыжнік дэбютаваў на Алімпійскіх гульнях у нарвежскім Лілехамеры ў 1994 годзе.-0-