8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юныя біятланісты Мінска заваявалі дзевяць медалёў па выніках спрынтарскіх гонак у трох узроставых групах у фінальных рэспубліканскіх спаборніцтвах па біятлоне "Снежны снайпер", якія 8 і 10 лютага праходзяць у спарткомплексе "Раўбічы", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Першае месца ў спрынце занялі мінчанкі Настасся Папова (сярэдняя група), Марыя Гнедчык (старэйшая група) і Раман Лучанок (малодшая група). Таксама на рахунку мінскіх юных біятланістаў два сярэбраныя і чатыры бронзавыя медалі.
У старэйшай узроставай групе ў юнакоў не было роўных на дыстанцыі 3 км з двума агнявымі рубяжамі Глебу Блізнякову з Магілёўскай вобласці.
У спаборніцтвах малодшай групы 2007-2008 гадоў нараджэння ў дзяўчынак перамагла Святлана Піскун (Гродзенская вобласць).
У другі дзень, 10 лютага, фінальных спаборніцтваў "Снежны снайпер" будуць разыграны медалі ў змешаных эстафетах. Каманды абласцей і горада Мінска па правілах турніру будуць фарміравацца з юных біятланістаў, якія ў сваіх камандах занялі найбольш высокія месцы па выніках спрынту. У нядзелю будуць падведзены вынікі спаборніцтваў і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў "Снежнага снайпера".
У бягучым годзе на раённых спаборніцтвах па біятлоне "Снежны снайпер" прынялі ўдзел больш за 20 тыс. дзяцей, а на школьным узроўні - у некалькі разоў больш.
Перад вырашальным этапам спаборніцтваў у "Раўбічах" лепшыя юныя біятланісты прайшлі стралковую і лыжную падрыхтоўку на базе спарткомплексу. Для многіх з дзяцей трэніроўкі на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі, якая з'яўляецца асноўнай для нацыянальнай зборнай па біятлоне, - неацэнны вопыт. Траса ў "Раўбічах" падрыхтавана прафесійна. Галоўным суддзёй фінальных спаборніцтваў "Снежнага снайпера" выступіць бронзавы прызёр Алімпіяды ў Нагана Аляксей Айдараў.
Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне "Прэзідэнцкі спартыўны клуб", Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Беларуская федэрацыя біятлона, Мінгарвыканкам і Мінаблвыканкам.-0-