Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
17 студзеня 2023, 11:33

IV і V этапы Кубка Садружнасці па біятлоне пройдуць 19-29 студзеня ў Раўбічах

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. IV і V этапы міжнародных спаборніцтваў па біятлоне "PARI Кубак Садружнасці" пройдуць 19-29 студзеня 2023 года ў рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы", паведамляе БЕЛТА.

Нагадаем, ІІІ этап спаборніцтваў прайшоў на базе разанскага біятлоннага комплексу "Алмаз" у снежні 2022 года. Завершыцца Кубак Садружнасці ў цэнтры зімовых відаў спорту "Жамчужына Сібіры" (Цюменская вобласць) з 7 па 13 сакавіка 2023 года.

Як расказалі арганізатары, праграма спаборніцтваў у Раўбічах вельмі насычаная. IV этап складаецца з наступных стартаў: 19 студзеня ў 11.00 - спрынт, 7,5 км, жанчыны; 20 студзеня ў 11.00 - спрынт, 10 км, мужчыны. 21 студзеня ў 11.00 стартуе гонка праследавання, 10 км, жанчыны, а ў 14.30 - гонка праследавання, 12,5 км, мужчыны. 22 студзеня, у нядзелю, у 11.00 - мас-старт, 12,5 км, жанчыны, у 12.15 - Гонка чэмпіёнаў, далей у 14.00 - мас-старт, 15 км, мужчыны.

V этап пачнецца ў чацвер 26 студзеня: у 11.00 - спрынт, 10 км, мужчыны. 27 студзеня ў 11.00 - спрынт, 7,5 км, жанчыны, 28 студзеня ў 11.00 пачнецца гонка праследавання, 12,5 км, мужчыны; у 14.00 - гонка праследавання, 10 км, жанчыны. На 29 студзеня ў 12.10 намечаны мас-старт, 15 км, мужчыны, а ў 14.00 - мас-старт, 12,5 км, жанчыны.

Паведамляецца, што да ўдзелу ў спаборніцтвах заяўлена больш за 60 топавых беларускіх і расійскіх спартсменаў, сярод якіх пераможцы і прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і іншых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў.

Нагадаем, што пасля першых трох этапаў спаборніцтваў "PARI Кубак Садружнасці" сярод мужчын у агульным заліку на першым месцы беларус Антон Смольскі, у жанчын - расіянка Наталля Гербулава. Беларуска Дзінара Алімбекава - на другой пазіцыі.

Паводле інфармацыі арганізатараў, у Гонцы чэмпіёнаў, якая пройдзе 22 студзеня, на лыжную трасу выйдуць зоркі біятлона, якія ўжо завяршылі кар'еру ў спорце: чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы розных гадоў. Гледачоў чакаюць на трыбунах у 12.15.

Каманды ў Гонцы чэмпіёнаў будуць складацца з пар (М+Ж), якія вызначацца жараб'ёўкай. Фармат гонкі - адзіночная змешаная эстафета (з кругам 400 м і васьмю агнявымі рубяжамі).

Рэспубліку Беларусь прадставяць:

Сяргей Новікаў - сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, прызём чэмпіянатаў свету, двухразовы чэмпіён Еўропы;

Алег Рыжанкоў - шматразовы чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы;

Аляксандр Сыман - прызёр чэмпіянату свету, двухразовы чэмпіён Еўропы, двухразовы чэмпіён свету па летнім біятлоне;

Вадзім Сашурын - шматразовы чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па біятлоне;

Пётр Івашка - шматразовы чэмпіён свету па біятлоне;

Алена Зубрылава - шматразовая чэмпіёнка і прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы;

Вольга Назарава - прызёр чэмпіянатаў свету, пераможца і прызёр чэмпіянатаў Еўропы, шматразовая чэмпіёнка свету па летнім біятлоне;

Людміла Калінчык - прызёр чэмпіянатаў свету;

Наталля Рыжанкова - чэмпіёнка і прызёр чэмпіянатаў свету.

Расійскую Федэрацыю прадставяць:

Віктар Майгураў - двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў, трохразовы чэмпіён свету і шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету;

Павел Растоўцаў - прызёр Алімпійскіх гульняў, шматразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы;

Сяргей Башкіраў - пераможца этапу Кубка свету;

Кацярына Шумілава - пераможца і прызёр чэмпіянатаў Еўропы, прызёр этапаў Кубка свету;

Кацярына Юрлава-Перхт - чэмпіёнка і прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы;

Наталля Сарокіна - прызёр чэмпіянату свету, пераможца і прызёр Кубка свету па біятлоне;

Вольга Падчуфарава - бронзавы прызёр чэмпіянату свету па біятлоне, пераможца і прызёр Кубка свету па біятлоне.

Пасля заканчэння цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў Гонкі чэмпіёнаў адбудзецца аўтограф-сесія для балельшчыкаў. Аматары біятлона змогуць пагутарыць і зрабіць сэлфі са знакамітымі спартсменамі.

Для балельшчыкаў усе дні спаборніцтваў будзе працаваць зона гасціннасці з фуд-кортам, продажам сувеніраў і розыгрышамі памятных падарункаў ад Беларускай федэрацыі біятлона.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі