Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
01 красавіка 2021, 16:15

Хакейная зборная Беларусі пачынае падрыхтоўку да чэмпіянату свету

1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакейная зборная Беларусі пачынае падрыхтоўку да чэмпіянату свету. У планах у падапечных Міхаіла Захарава шэсць выязных таварыскіх матчаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі.

Два спарынгі пройдуць з прадстаўнікамі дывізіёна IA, яшчэ чатыры - са зборнымі з эліты. Так, 16-17 красавіка беларусы ў Будапешце згуляюць супраць каманд Аўстрыі і Венгрыі адпаведна. Затым каманду Міхаіла Захарава чакаюць паядынкі супраць расіян у Маскве (23-24 красавіка). Завершыцца праграма таварыскіх матчаў спаборніцтвам з дружынай Германіі (7-8 мая; Нюрнберг).

Што датычыцца ігракоў, то ў спісе выкліканых на збор пакуль 15 чалавек:

Варатары: Аляксей Коласаў ("Дынама-Мінск", КХЛ), Іван Кульбакоў ("Сочы", КХЛ), Канстанцін Шостак ("Поўначсталь", КХЛ).

Абаронцы: Алег Явенка ("Трактар", КХЛ), Уладзіслаў Яроменка, Дзмітрый Знахарэнка, Ілья Салаўёў, Сцяпан Фалькоўскі, Ілья Шынкевіч (усе - "Дынама-Мінск", КХЛ).

Нападаючыя: Андрэй Бялевіч ("Тарпеда" (Ніжні Ноўгарад), КХЛ), Арцём Дзямкоў, Франсіс Парэ, Ілья Усаў (усе - "Дынама-Мінск"), Андрэй Касціцын (без клуба), Сяргей Касціцын ("Браціслава Кэпіталс", Славакія, ICEHL).

У трэнерскі штаб зборнай увайшлі: Міхаіл Захараў, Дзмітрый Карпікаў ("Юнацтва"), Міхаіл Кравец, Аляксей Селіверстаў, Алег Навіцкі (усе - "Віцязь", КХЛ).

Па меры набліжэння планетарнага форуму ў Рызе і вызвалення хакеістаў, якія выступаюць за свае клубы ў плэй-оф, склад кандыдатаў будзе дапаўняцца.

На папярэднім этапе чэмпіянату свету-2021 у Рызе зборная Беларусі згуляе ў групе "А", якая будзе праводзіць свае матчы ў Алімпійскім спартыўным цэнтры. Сапернікамі каманды Міхаіла Захарава стануць зборныя Славакіі (21 мая, у 20.15 па мінскім часе), Швецыі (23 мая, 16.15), Чэхіі (24 мая, 20.15), Вялікабрытаніі (26 мая, 20.15), Даніі (28 мая, 20.15), Швейцарыі (30 мая, 16.15) і Расіі (1 чэрвеня, 20.15). Чатыры лепшыя каманды з групы выйдуць у чвэрцьфінал.

Дружыны з групы "В", а гэта зборныя Канады, Фінляндыі, ЗША, Германіі, Латвіі, Нарвегіі, Італіі і Казахстана, выступяць на "Арэне-Рыга".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі