Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
27 мая 2019, 10:19

Хакеісты Фінляндыі перамаглі ў фінале Канаду і сталі чэмпіёнамі свету

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты Фінляндыі перамаглі ў фінале чэмпіянату свету Канаду з лікам 3:1 і заваявалі залатыя медалі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Вырашальны матч турніру ў Браціславе быў не такі багаты на галы. Канадцы на старце першага перыяду знаходзіліся ў зоне сапернікаў, але закінуць змаглі толькі на 11-й хвіліне. Шы Тэадор адважыўся на сольны праход ад сіняй лініі і дакладна кінуў у левую ад варатара Кевіна Ланкінена "дзявятку" - 1:0.

Пасля перапынку фіны змаглі адыграцца. Капітан каманды Суомі Марка Анціла кінуў паміж шчыткоў галкіпера Мэта Мюрэя - 1:1. У заключныя дваццаць хвілін сустрэчы Марка Анціла вывеў сваю зборную наперад, скарыстаўшыся пасам з-за варот і адправіўшы шайбу над плячом варатара канадцаў - 2:1.

Трэці гол у складзе фінаў правёў Хары Песанен - 3:1. У канцы фінальнага матчу канадцы замянілі варатара на шостага палявога іграка, але зраўнаваць лік не змаглі.

У Браціславе таксама вызначыліся ўладальнікі бронзавых узнагарод. Трэцяе месца занялі хакеісты Расіі, якія ў серыі булітаў абгыгралі Чэхію - 3:2. Зборная Расіі апошні раз была чэмпіёнам свету ў 2014 годзе ў Мінску.

Для хакеістаў Фінляндыі залатыя медалі сусветнага форуму трэція ў гісторыі. Раней яны станавіліся першымі ў 1995 і 2011 гадах.

Лепшым іграком чэмпіянату свету прызнаны нападаючы зборнай Канады Марк Стоўн, на яго рахунку 8 закінутых шайбаў і 6 рэзультатыўных перадач. Лепшы бамбардзір чэмпіянату - швед Вільям Нюландэр (5 галоў і 13 перадач). Лепшым нападаючым прызнаны расіянін Мікіта Кучараў, яго партнёр па зборнай Андрэй Васілеўскі - лепшым галкіперам, чэх Філіп Гронек - лепшым абаронцам.

Падагульняючае становішча чэмпіянату свету: 1. Фінляндыя; 2. Канада; 3. Расія; 4. Чэхія; 5. Швецыя; 6. Германія; 7. ЗША; 8. Швейцарыя; 9. Славакія; 10. Латвія; 11. Данія; 12. Нарвегія; 13. Вялікабрытанія; 14. Італія; 15. Францыя; 16. Аўстрыя.

Зборныя Аўстрыі і Францыі пакінулі элітны дывізіён. Гэтыя дзве каманды ў 2020 годзе на сусветным форуме ў Швейцарыі заменяць хакеісты Казахстана і Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі