
21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гандбалісты мужчынскай зборнай Беларусі пацярпелі паражэнне ў другім таварыскім матчы ў Бахрэйне, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
20 снежня беларусы ўступілі гаспадарам з лікам 27:30 (12:18). Самым рэзультатыўным у складзе гасцей быў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 11 мячоў. Ён жа з 13 галамі быў лепшым снайперам і ў першай гульні, якую беларускія гандбалісты ўпэўнена выйгралі з лікам 33:28.
Зборная Бахрэйна з'яўляецца сярэбраным прызёрам чэмпіянату Азіі і цяпер рыхтуецца выступіць на чэмпіянаце планеты, які ў студзені 2023 года прымуць Польшча і Швецыя. На першым этапе бахрэйнская каманда выступіць у шведскім горадзе Мальмё ў папярэдняй групе Н разам з гандбалістамі Даніі, Бельгіі і Туніса.-0-