Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
31 мая 2022, 10:34

Футбалісты зборнай Беларусі пачалі падрыхтоўку да матчаў Лігі нацый УЕФА

31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі 30 мая пачалі падрыхтоўку да стартавых сустрэч групавога этапу новага сезона Лігі нацый УЕФА, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У параўнанні з першапачатковым спісам у камандзе адбылося адно змяненне - замест траўміраванага паўабаронца расійскага "Растова" Аляксандра Сялявы на збор галоўнай каманды краіны ўпершыню выкліканы форвард ФК "Мінск" Ягор Багамольскі.

Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Георгія Кандрацьева да чэрвеньскіх сустрэч будуць рыхтавацца:

варатары - Ягор Хаткевіч ("Дынама", Мінск), Павел Паўлючэнка ("Тэрмаліца", Польшча), Максім Плотнікаў ("Шахцёр", Салігорск);

абаронцы - Дзяніс Палякоў ("Астана", Нур-Султан, Казахстан), Сяргей Паліцевіч, Глеб Шаўчэнка, Руслан Хадаркевіч (усе - "Шахцёр", Салігорск), Максім Швяцоў, Раман Бегуноў (абодва - "Дынама", Мінск), Кірыл Пячэнін ("Арэнбург", Расія), Руслан Юдзянкоў ("Мактаарал", Атакент, Казахстан), Захар Волкаў ("Хімкі", Расія), Даніла Нячаеў (БАТЭ, Барысаў);

паўабаронцы - Уладзіслаў Клімовіч ("Дзьірмот", Венгрыя), Яўген Яблонскі ("Арыс", Лімасол, Кіпр), Макс Эбонг ("Астана", Нур-Султан, Казахстан), Арцём Быкаў, Дзяніс Грачыха (абодва - "Дынама", Мінск) Дзмітрый Падстрэлаў ("Шахцёр", Салігорск), Павел Сядзько ("Тарпеда-Масква", Расія), Дзмітрый Бяссмертны, Валерый Грамыка, Валерый Бачароў, Уладзіслаў Малькевіч (усе - БАТЭ, Барысаў);

нападаючыя - Іван Бахар ("Дынама", Мінск), Андрэй Салавей ("Шахцёр", Салігорск), Ягор Багамольскі ("Мінск").

Каманда сабралася ў тэхнічным цэнтры асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" і будзе трэніравацца на палях АБФФ у Вяснянцы. На 1 чэрвеня намечаны вылет у сербскі Нові-Сад, дзе беларускія футбалісты будуць праводзіць свае дамашнія сустрэчы. У стартавым матчы 3-й групы (Ліга С) 3 чэрвеня яны згуляюць з камандай Славакіі, 6 чэрвеня сустрэнуцца з камандай Азербайджана і 10 чэрвеня будуць сапернічаць з футбалістамі Казахстана. Гэтыя гульні адбудуцца на полі стадыёна "Караджорджэ", які ўмяшчае 15 000 гледачоў, аднак усе яны пройдуць пры пустых трыбунах. Па рашэнні Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый на матчы, якія праходзяць на нейтральных палях, балельшчыкі не дапускаюцца. Расклад астатніх сустрэч каманды Георгія Кандрацьева: 13 чэрвеня Азербайджан - Беларусь, 22 верасня - Казахстан - Беларусь, 25 верасня - Славакія - Беларусь.

Склады астатніх квартэтаў Лігі С: 1 - Літва, Люксембург, Фарэрскія астравы, Турцыя; 2 - Паўночная Ірландыя, Кіпр, Грэцыя, Косава; 4 - Грузія, Гібралтар, Паўночная Македонія, Балгарыя. Па выніках групавога этапу пераможцы чатырох груп атрымаюць права згуляць у наступным сезоне на ранг вышэй - у Лізе В. Каманды, якія фінішуюць апошнімі, правядуць стыкавыя матчы, пасля якіх дзве з іх апусцяцца ў Лігу D.

Цяперашні сезон Лігі нацый стане трэцім па ліку. Пераможцам першага ў 2019 годзе стала зборная Партугаліі, у 2021 годзе турнір выйгралі футбалісты Францыі. Зборная Беларусі стартавала з Лігі D і, заняўшы першае месца ў 2-й групе, паднялася ў Лігу С. У мінулым сезоне беларусы не змаглі атрымаць павышэнне ў класе - яны сталі другімі ў 4-й групе, уступіўшы першую пазіцыю албанцам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі