Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
09 верасня 2020, 16:47

Дзмітрый Баскаў выбраны старшынёй Федэрацыі хакея Беларусі

9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новым старшынёй асацыяцыі "Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь" (ФХРБ) выбраны Дзмітрый Баскаў. Такое рашэнне прынялі сёння ўдзельнікі пазачарговай выбарнай канферэнцыі ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Генадзь Савілаў, які ўзначальваў ФХРБ з чэрвеня 2018 года, падаў у адстаўку, якую 26 жніўня прыняў выканаўчы камітэт хакейнай федэрацыі, назначыўшы намесніка Дзмітрыя Баскава выконваючым абавязкі старшыні.

Сёння новы кіраўнік ФХРБ выказаў удзячнасць дэлегатам канферэнцыі за аказаны давер і падтрымку. Дзмітрый Баскаў адзначыў, што ў апошнія гады федэрацыя зрабіла нямала для прагрэсу беларускага хакея. У прыватнасці, павысілася канкурэнтная барацьба ў нацыянальным чэмпіянаце, які цяпер стаў больш прывабным у маркетынгавым плане. Ён таксама сказаў, што не плануе праводзіць нейкіх рэвалюцый, паколькі яго погляды на развіццё хакея шмат у чым падобныя да Генадзя Савілава, і таму агульны курс застанецца ранейшым. Дзмітрый Баскаў таксама паведаміў аб рашэнні пакінуць пасаду генеральнага дырэктара хакейнага клуба "Дынама-Мінск", якую ён займаў з 2018 года. Сёння намеснікам кіраўніка ФХРБ стала Святлана Марчанка, якая працавала разам з Дзмітрыем Баскавым у хакейнай школе БФСТ "Дынама". Яна будзе курыраваць пытанні развіцця дзіцячага хакея.

Дзмітрый Баскаў, якому цяпер 42 гады, быў прафесійным хакеістам, з'яўляецца майстрам спорту. У якасці галкіпера ён выступаў за мінскае "Юнацтва", гродзенскі "Нёман", "Брэст", "Віцебск". Станавіўся чэмпіёнам Беларусі. Гуляў у складзе юніёрскай і маладзёжных зборных Беларусі, прыцягваўся ў нацыянальную каманду. У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці правазнаўства, у 2009-м - Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму БДУФК па спецыяльнасці "трэнерская работа", вучыўся ў бізнес-школе. У 2013 годзе Дзмітрый Баскаў узначаліў СДЮШАР БФСТ "Дынама". Змог прыцягнуць да работы моцных спецыялістаў, пад яго кіраўніцтвам школа стала лепшай у краіне. Тры гады запар яна займала першае месца ў рэспубліканскім медальным заліку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі