Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
15 лютага 2022, 16:11

Беларускай фрыстайлістцы Ганне Гуськовай уручаны сярэбраны медаль АГ-2022

15 лютага, Пекін /Кар. БЕЛТА/. Сёння на арэне Zhangjiakou Medal Plaza адбылася цырымонія ўзнагароджання алімпійскіх прызёраў жаночых спаборніцтваў па лыжнай акрабатыцы, сярэбраным прызёрам якіх стала беларуская фрыстайлістка Ганна Гуськова, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Усе прызёры пекінскіх Гульняў акрамя сваіх заслужаных медалёў атрымаюць міні-версіі алімпійскага талісмана панды Бін Дуньдунь у залатых вянках пераможцаў. Акрамя таго, упершыню ў гісторыі ім уручаюцца вязаныя ўручную букеты кветак.

Учора Ганна Гуськова выдатна выканала свой фінальны скачок і заняла другое месца, уступіўшы толькі кітаянцы Сюй Мэнтаа. Уладальніцай бронзавага медаля стала амерыканская фрыстайлістка Меган Нік.

Для 29-гадовай беларускай лыжнай акрабаткі гэта была трэцяя Алімпіяда ў кар'еры. Чатыры гады таму ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане Ганна Гуськова стала алімпійскай чэмпіёнкай, апярэдзіўшы ўсіх лепшых фрыстайлістак планеты.

Сярэбраны медаль Ганны Гуськовай стаў для беларускіх фрыстайлістаў восьмай узнагародай на сямі Алімпіядах запар. Першым з беларускіх майстроў лыжнай акрабатыкі на алімпійскі п'едэстал падняўся Дзмітрый Дашчынскі, які заваяваў бронзу ў Нагана-1998. Праз восем гадоў у Турыне-2006 ён перакаваў сваю бронзу ў серабро. Першым беларускім алімпійскім чэмпіёнам у гэтай дысцыпліне фрыстайла стаў Аляксей Грышын, якому не было роўных у Ванкуверы-2010. Да гэтага, у Солт-Лейк-Сіці-2002, Грышын быў бронзавым прызёрам Гульняў. Самай паспяховай для беларусаў была Алімпіяда-2014 у Сочы. Адразу два золаты здабылі Антон Кушнір і Ала Цупер. Праз чатыры гады ў Пхёнчхане іх поспех паўтарыла Ганна Гуськова.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі