Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
17 ліпеня 2019, 15:39

Барысаўскі БАТЭ настройваецца на перамогу над "Пястам" у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў

17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты барысаўскага БАТЭ правядуць сёння паядынак у адказ 1-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў у гасцях у польскага "Пяста", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэчу будзе судзіць брыгада фінскіх арбітраў, якую ўзначаліць рэферы ФІФА Анці Мунука. Гульня пачнецца ў 21.00 па беларускім часе і будзе паказана ў прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 5".

Першы матч, праведзены 10 ліпеня на полі "Барысаў-Арэны", завяршыўся ўнічыю - 1:1. Тыдзень таму барысаўчанам было нялёгка - у першым тайме госці мелі перавагу і на 37-й хвіліне Пётр Пажышак адкрыў лік. У другой палавіне гаспадары гулялі актыўней, і на 64-й хвіліне Станіслаў Драгун зраўнаваў рэзультат. Потым ён быў выдалены з поля і не зможа сёння дапамагчы барысаўчанам. Не будзе таксама траўміраваных Ягора Філіпенкі, Антона Сарокі і Бояна Дубаіча.

Галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага не страчвае аптымізму і адзначае, што яго падапечныя гатовы да гульні і маюць намер дабіцца станоўчага выніку. На перадматчавай прэс-канферэнцыі ён падкрэсліў, што задача ў каманды адна - перамагчы. Чэмпіёны Беларусі прыбылі ў Польшчу ў аўторак і ў другой палавіне дня правялі трэніроўку на арэне, дзе адбудзецца гульня з польскімі чэмпіёнамі. Паводле даных гаспадароў, усе білеты на сённяшні матч прададзены, трыбуны стадыёна ўмяшчаюць амаль 10 тыс. гледачоў.

Пераможца двухраўндавага процістаяння ў 2-м раўндзе кваліфікацыі ЛЧ сустрэнецца з лепшай камандай пары "Лінфілд" (Паўночная Ірландыя) - "Русенбарг" (Нарвегія). У першай гульні, якая прайшла на полі паўночнаірландскага клуба, з лікам 2:0 перамаглі чэмпіёны Нарвегіі. Сёння сапернікі сустрэнуцца ў нарвежскім Тронхейме.

Яшчэ тры беларускія прадстаўнікі ў еўракубках правядуць свае паўторныя паядынкі кваліфікацыі Лігі Еўропы 18 ліпеня. Мінскае "Дынама" прыме на сваім полі латвійскую "Ліепаю" (рэзультат першага матчу - 1:1), футбалісты "Віцебска" ў сябе дома паспрабуюць узяць рэванш за гасцявое паражэнне ад фінскага "Куапіа" - 0:2, а салігорскі "Шахцёр" у гасцях у мальтыйскага "Хіберніянса" будзе старацца ўтрымаць мінімальную перавагу (1:0), атрыманую на сваім стадыёне.-0-

Фота ФК БАТЭ

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі