Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 кастрычніка 2022, 12:35

Амаль 200 юнакоў з Беларусі і Расіі збярэ ў Брэсце турнір па барацьбе памяці Уладзіміра Карвата

19 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце ў лёгкаатлетычным манежы 21-23 кастрычніка пройдзе міждзяржаўны турнір па вольнай і грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Брэсцкай СДЮШАР прафсаюзаў па відах барацьбы Пётр Хацько.

Спаборніцтвы ў горадзе над Бугам арганізуюць ужо 14-ы раз. У гэтым годзе яго ўдзельнікамі стануць амаль 200 дзяцей і падлеткаў 2006-2010 гадоў нараджэння. Заяўлены каманды з усіх абласцей Беларусі, прыедуць таксама прадстаўнікі Расіі. Спаборніцтвы па вольнай барацьбе пройдуць 22 кастрычніка, за званне мацнейшых пазмагаюцца юныя спартсмены ў 13 вагавых катэгорыях. На наступны дзень адбудуцца папярэднія і фінальныя паядынкі ў грэка-рымскай барацьбе. Медалі будуць разыграны ў дзесяці вагавых катэгорыях.

"Для дзяцей малодшага ўзросту наш турнір - магчымасць паказаць тое, чаму яны ўжо навучыліся. Для іх старэйшых таварышаў - гэта этап падрыхтоўкі да спаборніцтваў больш высокага ўзроўню, - адзначыў Пётр Хацько. - Мы шануем і памятаем першага Героя Беларусі, ураджэнца Брэста Уладзіміра Карвата. На цырымонію адкрыцця запрасілі яго таварыша па службе Валерыя Бойку, удаву Ніну Карват". Акрамя спартыўнай праграмы для юнакоў запланавалі экскурсію ў Брэсцкую крэпасць.

У Брэсцкай вобласці вольная барацьба культывуецца ў Пінску, Брэсце, Бярозаўскім, Ганцавіцкім, Пінскім раёнах, грэка-рымская - толькі ў Брэсце. "Барацьба развівае мысленне, сілу, вынослівасць. Паколькі перамагае не той, хто мацнейшы. Трэба думаць, як правільна правесці прыём, палажыць саперніка на лапаткі, каб атрымаць чыстую перамогу", - дадаў Пётр Хацько.

Арганізатарамі турніру выступаюць упраўленне спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі гарвыканкам, абласное аб'яднанне прафсаюзаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі