Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 жніўня 2021, 13:11

Альварада назваў склад зборнай Беларусі на чэмпіянат свету па пляжным футболе

18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўны трэнер зборнай Беларусі па пляжным футболе Нікалас Альварада вызначыўся са складам на чэмпіянат свету, які заўтра стартуе ў Маскве, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У афіцыйную заяўку беларускай каманды на сусветнае першынство ўключаны 14 футбалістаў: варатары - Канстанцін Магалецкі, Уладзімір Усціновіч, Станіслаў Кляшчук; палявыя ігракі - Вадзім Бокач, Іван Канстанцінаў, Алег Гапон, Мікіта Чайкоўскі, Анатоль Рабко, Юрый Пятроўскі, Яўген Новікаў, Ягор Гардзецкі, Арцемій Дрозд, Антон Акуліч, Уладзіслаў Бацюня.

Перад ад'ездам у расійскую сталіцу беларусы правялі ў Мінску два кантрольныя паядынкі са зборнай Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. У першым з іх гаспадары выйгралі без асаблівай складанасці - 6:1, у другім асноўны час завяршыўся ўнічыю - 2:2, а серыю пенальці лепш выканалі беларускія футбалісты - 4:3. На папярэднім этапе 21-га сусветнага першынства сапернікамі падапечных Нікаласа Альварада ў групе С будуць каманды Сальвадора (20 жніўня), Швейцарыі (22 жніўня) і Бразіліі (24 жніўня).

Склады астатніх папярэдніх квартэтаў: А - Расія, ЗША, Парагвай, Японія; В - Іспанія, Таіці, Мазамбік, ААЭ; D - Партугалія, Уругвай, Сенегал, Аман. Пасля завяршэння першага этапу ў плэй-оф выйдуць па дзве лепшыя каманды з кожнай групы. Чвэрцьфінальныя сустрэчы адбудуцца 26 жніўня, паўфіналы намечаны на 28 жніўня, фінал і сустрэча за бронзу адбудуцца 29 жніўня.

Беларускія майстры пляжнага футбола другі раз згуляюць у фінальнай стадыі чэмпіянату планеты. Іх дэбют адбыўся ў 2019 годзе ў парагвайскім Асунсьёне. Тады беларусы не змаглі прабіцца ў чвэрцьфінал, заняўшы трэцяе месца ў сваёй папярэдняй групе. Чэмпіёнам свету два гады таму стала зборная Партугаліі, якая ў вырашальным паядынку перамагла каманду Італіі (6:4), а бронза дасталася расіянам, якія перамаглі ў матчы за 3-е месца японцаў (5:4). Больш за ўсё чэмпіянат свету выйгравала зборная Бразіліі, у якой 14 тытулаў, тры разы перамагалі партугальцы, двойчы - расіяне, адзін раз золата заваявала каманда Францыі.-0-
 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі