Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 студзеня 2019, 11:05

Змяненні пры выдачы бальнічных уступаюць у сілу ў Беларусі

31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 31 студзеня ўступаюць у сілу змяненні, якія датычацца парадку афармлення і выдачы лісткоў непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці, паведамляе БЕЛТА.

Змяненні закранулі як парадак выдачы дакументаў, што засведваюць часовую непрацаздольнасць грамадзян (лісток непрацаздольнасці і даведка аб часовай непрацаздольнасці), так і парадак афармлення гэтых дакументаў з улікам практыкі прымянення.

Новыя формы бланкаў

Новая форма лістка непрацаздольнасці і даведкі аб часовай непрацаздольнасці зацверджана пастановай Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 4 студзеня 2018 года нумар 1/1. Як растлумачыла начальнік упраўлення медыцынскай экспертызы Міністэрства аховы здароўя Ірына Кірэева, глабальных змяненняў у змесце гэтых дакументаў няма. Аптымізавана, уніфікавана інфармацыя, якую неабходна ўказваць. Як і раней, запаўняць дакумент можна на любой з дзяржаўных моў - беларускай або рускай.

Што датычыцца старых бланкаў, яны дзейнічаюць да поўнага іх выкарыстання на ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Магчыма, у нейкі перыяд часу паралельна будуць існаваць два віды бланкаў, але яны будуць мець аднолькавую юрыдычную сілу.

Даведка аб часовай непрацаздольнасці і для беспрацоўных

Асноўныя змяненні закранулі выдачу даведак аб часовай непрацаздольнасці. Гэта дакумент, які вызваляе ад работы, але не аплачваецца. Кола тых, каму дадуць такую даведку, пашырана. У прыватнасці, раней чалавек працаздольнага ўзросту, які не працуе і не знаходзіцца на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўнага ў выпадку хваробы звяртаўся ў паліклініку, але ніякага пацвярджальнага дакумента яму не выдавалі. Цяпер такая магчымасць з'явілася: у некаторых сітуацыях чалавеку неабходна афіцыйна пацвердзіць перыяд хваробы.

Даведку аб часовай непрацаздольнасці выдадуць і тым, хто даглядае інваліда I групы ў перыяд, калі чалавек, які фактычна ажыццяўляе догляд, знаходзіцца на стацыянарным лячэнні. Інакш кажучы, гэта датычыцца тых выпадкаў, калі чалавек, які пастаянна даглядае інваліда, захварэў і знаходзіцца ў бальніцы. Раней у гэтым выпадку даводзілася або каму-небудзь са сваякоў на гэты перыяд браць водпуск за свой кошт, або наймаць сядзелку.

"Цяпер у выпадку хваробы чалавека, які фактычна ажыццяўляе догляд інваліда I групы, на перыяд яго знаходжання ў стацыянары будзе выдавацца даведка аб часовай непрацаздольнасці любой іншай асобе. Прычым гэта неабавязкова павінен быць сваяк. Даведка не аплачваецца, але пацвярджае факт ажыццяўлення догляду інваліда", - адзначыла Ірына Кірэева.

Калі бацьку афіцыйна вызваляць ад работы

Змяненні закранулі і парадак выдачы лістка непрацаздольнасці па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку, калі маці або асоба, якая фактычна ажыццяўляе догляд, адначасова працуе на ўмовах няпоўнага рабочага часу, або дома, або навучаецца.

Раней, калі захварэла дзіця, вызваліць ад работы маглі толькі маці, паколькі яна атрымлівала дапамогу па доглядзе. Цяпер калі маці, якая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, не можа ажыццяўляць догляд хворага дзіцяці на гэты момант (сур'ёзная работа, якую нельга прапусціць, або пачалася сесія), даведку могуць выдаць іншаму сваяку.

Ёсць новаўвядзенне, якое пашырае магчымасці для атрымання лісткоў непрацаздольнасці. "Напрыклад, маці, якая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску з дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў, сама захварэла і ляжыць у бальніцы. Раней бацьку маглі даць бальнічны ліст толькі ў тым выпадку, калі дзіця не наведвае дзіцячы сад. Цяпер гэта патрабаванне знялі: лісток выдадуць у любым выпадку. Пры гэтым не патрабуецца пацвярджальнага дакумента аб наведванні дзіцем дзіцячага сада", - растлумачыла начальнік упраўлення.

Дзень на праезд

Ёсць магчымасць прадоўжыць лісток непрацаздольнасці (даведку аб часовай непрацаздольнасці) чалавеку, які ажыццяўляе догляд хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў (дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў), пры аказанні ім меддапамогі ў стацыянарных умовах, на адзін дзень для праезду да месца жыхарства (знаходжання) у сувязі з аддаленасцю арганізацыі аховы здароўя і немагчымасцю ў дзень выпіскі даехаць дадому.

Удакладнены парадак вызначэння неабходнасці догляду дзіцяці-інваліда пры яго санаторна-курортным лячэнні або медыцынскай рэабілітацыі ў адпаведных установах. Цяпер будзе вызначацца неабходнасць у доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 10 гадоў, а таксама дзіцяці-інваліда ва ўзросце старэйшым за 10 гадоў з трэцяй або чацвёртай ступенню страты здароўя.

Як адзначыла Ірына Кірэева, гэтыя новаўвядзенні пашырылі падставы для вызвалення чалавека ад работы ў сувязі з хваробай, у першую чаргу яго сваякоў. Плюс увядзенне новага фармату бланка дасць магчымасць больш арганічна ўліцца ў электронную ахову здароўя ў цэлым і абменьвацца аператыўнай інфармацыяй з Фондам сацабароны насельніцтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі