24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Законапраект аб Усебеларускім народным сходзе вынесены на грамадскае абмеркаванне, паведамляе БЕЛТА.
Праект закона "Аб Усебеларускім народным сходзе" размешчаны на сайце "Прававы форум Беларусі".
"Грамадскае абмеркаванне будзе праводзіцца з 24 кастрычніка да 2 лістапада ўключна, - расказаў дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Андрэй Мацельскі. - Прапановы па змесце законапраекта можна ўнесці непасрэдна на Прававым форуме. Арганізатары грамадскага абмеркавання іх абагульняць і выкарыстаюць пры далейшай дапрацоўцы законапраекта".
Згодна з праектам закона Усебеларускі народны сход з'яўляецца вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.
Арганізатар грамадскага абмеркавання - Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Акрамя таго, сёння ж вынесены на грамадскае абмеркаванне і праект закона "Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь". Арганізатар грамадскага абмеркавання - Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.
Свае заўвагі і прапановы па двух законапраектах можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі.-0-