Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 лютага 2021, 15:30

"Вышэйшая школа" выпусціла больш за 40 дапаможнікаў па падрыхтоўцы кадраў для БелАЭС

10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдавецтва "Вышэйшая школа" выпусціла звыш 40 кніг па падрыхтоўцы кадраў для Беларускай АЭС, паведаміў сёння журналістам дырэктар прадпрыемства Аляксандр Нячай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выкананне такіх значных будаўнічых і навуковых задач, як стварэнне ў Беларусі атамнай электрастанцыі, немагчыма без грунтоўнай падрыхтоўкі кадраў. "Выданне вучэбнай літаратуры пачалося задоўга да старту будаўніцтва БелАЭС. Мы ўжо выдалі больш за 40 кніг па гэтай тэматыцы. Першая з іх "Фізіка ядзерных рэактараў" выйшла яшчэ ў 2011 годзе, таму практычна 10 гадоў мы былі падключаны да працэсу выдання спецыялізаваных крыніц", - адзначыў Аляксандр Нячай.

"У выдавецтве працуюць кваліфікаваныя рэдактары, таму нядзіўна, што мы прымалі актыўны ўдзел у дзяржаўнай праграме па падрыхтоўцы кадраў для БелАЭС. У лістападзе быў запушчаны першы рэактар станцыі, і мы ведаем, што калі будзе запушчаны наступны, то там спатрэбяцца спецыялісты. А іх трэба рыхтаваць да гэтай работы", - падкрэсліў дырэктар выдавецтва. Падрыхтоўка вядзецца ў тым ліку з дапамогай падручнікаў "Вышэйшай школы".

Выдадзеная літаратура датычыцца розных напрамкаў: радыяцыйная бяспека, парагенератары для атамных электрастанцый, матэрыялазнаўства, гідратэхнічныя збудаванні, эксплуатацыя электрычных сетак. Аўтары - людзі, якія працуюць непасрэдна з будучымі кадрамі ядзернай энергетыкі. "Гэта выкладчыкі ўстаноў адукацыі Беларусі, вучоныя НАН, цесна супрацоўнічаем з замежнымі спецыялістамі. Напрыклад, цяпер рыхтуецца да друку кніга "Канструкцыйныя і функцыянальныя матэрыялы ядзерных энергетычных установак", якая ў сакавіку з'явіцца на прылаўках магазінаў і ў бібліятэках. З шасці чалавек аўтарскага калектыву чатыры - выкладчыкі маскоўскіх ВНУ. У Беларусі падрыхтоўка спецыялістаў-атамшчыкаў вядзецца ў БДУ, БНТУ, БДУІР і Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя Сахарава БДУ", - дадала галоўны рэдактар выдавецтва Юлія Місюль.

Выдавецтва "Вышэйшая школа" - адно з буйнейшых у Беларусі, на кніжным рынку працуе з 1963 года. Выдае навучальную літаратуру ўжо больш за 55 гадоў. У выдавецтве працуюць 36 супрацоўнікаў. Прадпрыемства выпускае ў асноўным вучэбную літаратуру для сістэмы сярэдняй, вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі. Паводле слоў дырэктара выдавецтва, за месяц выдаецца прыкладна 6-7 кніг.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі