20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў адобрыў пяць праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Адпаведнае рашэнне прынята на падставе прапаноў камісіі па пытаннях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва пры Саўміне і замацавана пастановай урада ад 19 сакавіка 2019 года нумар 170, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт урада.
Адзін з праектаў - "Умацаванне нацыянальнай сістэмы прафілактыкі, лячэння, догляду і падтрымкі ў сувязі з ВІЧ і туберкулёзам у Рэспубліцы Беларусь", яго каардынацыю забяспечвае Міністэрства аховы здароўя.
Мінпрыроды будзе курыраваць праект "Падрыхтоўка сёмага нацыянальнага паведамлення па рэалізацыі Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб змяненні клімату і трэцяй двухгадовай справаздачы Рэспублікі Беларусь".
Тэхдапамога будзе накіравана на паляпшэнне доступу да медыцынскіх паслуг пры надзвычайных сітуацыях праз узаемадзеянне структур хуткай медыцынскай дапамогі на прыгранічнай тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Украіны, а таксама на вывучэнне і захаванне традыцыйных рамесных навыкаў жыхароў даліны Дзвіны/Даўгавы.
Акрамя таго, адобраны праект "Гуманны падыход да кожнага дзіцяці ў інтарэсах будучыні гуманнага грамадства".
Пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.-0-