12 кастрычніка, Маладзечна /Кар. БЕЛТА/. "Марафон адзінства" - гэта мноства культурных масавых мерапрыемстваў, якія аб'ядноўваюць людзей і ствараюць сапраўднае свята. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.
"Марафон адзінства" - гэта ўсенародная акцыя, якая дазваляе аб'яднацца ўсім людзям нашай краіны. 17 верасня Прэзідэнт анансаваў, што канцэрты, падобныя да таго, які адбыўся ў "Мінск-Арэне", будуць паказаны ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. І сёння ў Маладзечне, культурнай сталіцы Мінскай вобласці, прайшоў канцэрт, дзе прадстаўлена творчасць гродзенскіх, віцебскіх артыстаў, а таксама артыстаў з Мінскай вобласці", - сказаў Уладзімір Пярцоў.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што канцэрт аб'ядноўвае як прафесійных артыстаў, так і аматараў, самадзейных артыстаў, якія выступаюць на адной сцэне і прадстаўляюць сваю творчасць. "Гэта магчымасць людзям з розных рэгіёнаў пазнаёміцца з творчасцю сваіх калег, якія прыехалі з Віцебскай, Гродзенскай вобласці. Гэта магчымасць у кожным з рэгіёнаў Беларусі паказаць такую аб'яднальную актыўнасць. Не толькі канцэрт, але і размовы, сустрэчы", - дадаў ён.
Уладзімір Пярцоў нагадаў, што адна з такіх сустрэч адбылася сёння на чыгуначным вакзале ў Маладзечне. Да жыхароў і гасцей горада прыехалі касманаўт, Герой Беларусі Марына Васілеўская і касманаўт, ураджэнец Беларусі, Герой Расіі Алег Навіцкі. "Гэта прыемна здзівіла не толькі мясцовых жыхароў, але і тых, хто выпадкова апынуўся па нейкіх сваіх справах на вакзале ў выхадны дзень", - звярнуў увагу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Уладзімір Пярцоў адзначыў і іншыя складнікі "Марафону адзінства". "Гэта і "НЕсумная НЕлекцыя", якая прайшла з навучэнцамі каледжаў Маладзечна. Гэта і акцыі, якія праходзяць на вуліцы і арганізаваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. У Маладзечне адкрыты мурал. Гэта і выставы, якія прадстаўляе ў тым ліку БЕЛТА. Гэта мноства іншых культурных масавых мерапрыемстваў, якія аб'ядноўваюць людзей і ствараюць свята. У нас даўно не было такога свята, і я думаю, што сённяшні рэгіянальны старт - гэта магчымасць паказаць людзям, на што мы здольныя, што мы можам у плане творчасці, дасягненняў нашых рэгіёнаў", - сказаў на заканчэнне ён.-0-