Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 сакавіка 2024, 12:43

У НАН Беларусі расказалі, якія біятэхналагічныя эксперыменты плануецца правесці на МКС

Скрыншот відэатрансляцыі "Раскосмасу"
Скрыншот відэатрансляцыі "Раскосмасу"
26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі падабраны штамы і камбінацыі мікраарганізмаў для біятэхналагічных эксперыментаў на МКС, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.

"У рамках навуковай праграмы на Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) першай беларускай жанчынай - касманаўтам Марынай Васілеўскай плануецца выкананне біятэхналагічных эксперыментаў па культываванні і захоўванні ўзораў прабіятычных штамаў малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрый ва ўмовах касмічнага палёту, а таксама выраб узораў кісламалочных прадуктаў з комплексам прабіятычных культур. Вучонымі РУП "Інстытут мяса-малочнай прамысловасці" НАН Беларусі спецыяльна падабраны штамы малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрый, вызначаны аптымальныя пажыўныя асяроддзі і малочныя асновы для развіцця штамаў і распрацаваных камбінацый культур ва ўмовах касмічнага эксперымента. У выніку праведзеных даследаванняў будуць атрыманы новыя даныя аб захаванасці і ўласцівасцях штамаў малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрый, а таксама іх камбінацый у стане анабіёзу і пасля культывавання, параметрах атрымання кісламалочных прадуктаў ва ўмовах касмічнага палёту", - расказалі ў прэс-службе.
Супрацоўнікі РУП "Інстытут мяса-малочнай прамысловасці" загадчыца аддзела біятэхналогій Наталля Жабанос і загадчыца лабараторыі мікрабіялагічных даследаванняў і калекцыі прамысловых мікраарганізмаў аддзела біятэхналогій Алена Бірук на базе Дзяржаўнага навуковага цэнтра Расійскай Федэрацыі - Інстытута медыка-біялагічных праблем РАН (РАН ДНЦ РФ - ІМБП РАН, Масква) сумесна з супрацоўнікамі гэтага цэнтра і спецыялістамі ПАТ "РКК "Энергія" і ТАА НВП "БіяТэхСіс" паспяхова правялі перадпалётную падрыхтоўку навуковай апаратуры "Біяэкалогія" і "Прабіявіт", прызначанай для выкарыстання на борце МКС пры выкананні навуковай праграмы даследаванняў.
Як паведамлялася раней, палёт беларускага касманаўта першапачаткова задумваўся і рэалізуецца як палёт з навукова-даследчымі мэтамі. Распрацавана НАН Беларусі пры ўдзеле РАН і зацверджана "Раскосмасам" навуковая праграма палёту. У яе ўваходзіць сем эксперыментаў, з іх пяць навукова-даследчых і два адукацыйныя.-0-
Міжнародная касмічная станцыя
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі