Сцяг Серада, 22 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 студзеня 2025, 15:24

"У гэтых фота зашыты код "Марафону адзінства". Акуловіч пра энергію новай фотавыставы БЕЛТА

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася фотавыстава БЕЛТА "Калі адзіныя мы! Яркія і значныя моманты "Марафону адзінства". Генеральны дырэктар агенцтва Ірына Акуловіч расказала, што экспазіцыя адлюстроўвае светлую энергію адзінства, перадаючы яркія моманты маштабнай акцыі, якая аб'яднала ўсю краіну, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння ў Мінску працуюць чатыры выставы БЕЛТА. Тры з іх добра знаёмыя: "Паралельныя светы", "Беларусь суверэнная", "Беларусь. Узлёт". Апошняя, у кожным новым горадзе, які мы наведвалі, набывала іншыя фарбы і грані, паколькі мы шукалі ўнікальную інфармацыю для кожнага рэгіёна", - адзначыла Ірына Акуловіч.
Яна падкрэсліла, што новая экспазіцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы мае асаблівае значэнне. "Ідэя назвы - "Калі адзіныя мы! Яркія і значныя моманты "Марафону адзінства" - належыць арганізатарам марафону. Калі ты пераязджаеш з горада ў горад, бачыш усё сваімі вачамі, узнікае адчуванне, што гэтыя ўражанні нельга страціць", - падзялілася генеральны дырэктар.

Паводле слоў Ірыны Акуловіч, выстава падкрэслівае энергію "Марафону адзінства". "Абсалютна кожная фатаграфія, кожны планшэт нясуць светлую энергію адзінства. Мы хацелі паказаць, што наша краіна непадзельная, і гэта ідэя пакладзена ў аснову экспазіцыі: замест разбіўкі па гарадах быў створаны агульны калаж", - адзначыла яна.

Экспазіцыя ўключае знакавыя моманты марафону: сустрэчы, акцыі, канцэрты, квесты, выставы, інтэрактыўныя пляцоўкі. "Гэта і "Знакавая сустрэча", "НЕсумная НЕлекцыя", праекты "Адну справу робім" і "Разам працуем, разам спяваем", адкрыццё муралаў. Па сутнасці выстава адлюстроўвае ўсе мерапрыемствы марафону. Мы адбіралі самыя яркія моманты, што было няпроста, бо ў кожным горадзе адбывалася нешта асаблівае. Так, у Гродне дзясяткі тысяч чалавек у адзіным парыве спяваюць патрыятычныя песні, спяваюць ад усёй душы, як адзінае цэлае - вось у гэтым, напэўна, і быў сэнс марафону", - расказала Ірына Акуловіч.
Сярод здымкаў асаблівае месца займаюць фатаграфіі, звязаныя з дзецьмі. "Адна з маіх любімых - здымак двух малышоў у футболках "Марафону адзінства", якія цягнуць за сабой машынкі. Гэтыя дзеці - сімвал пераемнасці пакаленняў. На выставе вы таксама ўбачыце фота ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, рабочых, артыстаў Вялікага тэатра і Прэзідэнцкага аркестра. Але менавіта малышы, якія прайшлі з марафонам праз мноства гарадоў, для мяне сталі знакавымі", - падзялілася генеральны дырэктар.
 
Цяпер выстава прадстаўлена ў друкаваным фармаце, але ў хуткім часе стане даступнай і ў электронным выглядзе. "Гэта дазволіць убачыць яе яшчэ большай колькасці людзей", - адзначыла Ірына Акуловіч.
 
У бліжэйшыя дні экспазіцыя пераедзе на "Мінск-Арэну" і стане часткай фінальнага мерапрыемства, якое завершыць "Марафон адзінства" ў сталіцы. "Сэнс марафону - гэта эмоцыя, гэта святло. І менавіта гэта мы хацелі перадаць праз выставу", - рэзюмавала генеральны дырэктар БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі