28 снежня, Баранавічы /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі за 2015-2020 гады колькасць шматдзетных сем'яў павялічылася на 40 працэнтаў. Аб гэтым сёння паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч на сустрэчы з сем'ямі з Баранавіч і Баранавіцкага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праграма сямейнага капіталу стартавала ў 2015 годзе. З таго моманту колькасць шматдзетных сем'яў павялічылася на 40 працэнтаў. Цяпер іх у краіне налічваецца 112 тыс. Больш за ўсё такіх сем'яў пражывае ў Брэсцкай вобласці.
"Мы прааналізавалі, што сямейны капітал працуе эфектыўна. У сярэднім штогод нараджаюцца 20-22 тыс. трэціх і наступных дзяцей. Было прынята рашэнне аб прадаўжэнні сямейнага капіталу, - адзначыла Ірына Касцевіч. - З 1 студзеня гэтага года ён стаў працаваць у абноўленым варыянце, было прадугледжана датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу. Гэты год заканчваецца, мы ацанілі, як ён спрацаваў у новым фармаце. Мерай падтрымкі па яго датэрміновым выкарыстанні скарысталіся амаль 27 тыс. сем'яў. Каля 90 працэнтаў выкарыстоўвалі яго на жыллё. Гэта тыя, хто знаходзіцца ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў".
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны атрымлівае ад сем'яў прапановы па далейшым пашырэнні напрамкаў для датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу. "Актыўна працуем над гэтым пытаннем. Якраз на такіх дыялогавых пляцоўках, якія будуць разгорнуты па ўсёй краіне, хочам пачуць аб патрэбнасцях, каб максімальна рэалізаваць меры падтрымкі сем'яў з дзецьмі. У студзені праедзем па іншых рэгіёнах", - сказала міністр.
Першая сустрэча з сем'ямі, у тым ліку шматдзетнымі, прайшла ў Смалявічах. Сёння Ірына Касцевіч праводзіць такую сустрэчу ў Баранавічах.-0-