Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 кастрычніка 2020, 13:53

У Беларусі вакцынавана супраць грыпу 35,3 працэнта насельніцтва

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вакцынавана супраць грыпу 35,3 працэнта насельніцтва, паведаміла журналістам начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На сёння вакцынавана 35,3 працэнта насельніцтва ад грыпу. У гэтым годзе як ніколі адзначаецца даволі інтэнсіўнае правядзенне вакцынацыі. Людзі стараюцца прышчапіцца хутчэй, - сказала Іна Карабан. - Вельмі вялікі попыт быў на платныя вакцыны, якія хутка скончыліся, нягледзячы на тое, што заказаны былі ў павялічанай колькасці ў параўнанні з папярэднімі сезонамі".

У гэтым годзе традыцыйна плануецца прышчапіць амаль 40 працэнтаў насельніцтва. "Можа, гэта будзе большая колькасць, улічваючы попыт насельніцтва на вакцынацыю", - дадала начальнік аддзела.

Што датычыцца груп павышанай рызыкі, то вакцынаваць плануюць не менш за 75 працэнтаў. Размова ідзе аб дзецях ад шасці месяцаў да трох гадоў, усіх дзецях ад 3 гадоў і дарослых з хранічнымі захворваннямі, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, пацыентах з імунадэфіцытным станам, людзях старэйшых за 65 гадоў, цяжарных жанчынах, медыцынскіх і фармацэўтычных работніках, дзецях і дарослых, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, работніках рэспубліканскіх органаў, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва.

"Вакцынацыя таксама патрэбна работнікам такіх грамадскіх сфер дзейнасці, як адукацыя, гандаль, грамадскае харчаванне, транспарт, камунальная сфера і іншых", - дадала Іна Карабан.

Захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі цяпер знаходзіцца на неэпідэмічным узроўні, хоць і адзначаецца рост. Паводле слоў начальніка аддзела, гэты эпідсезон пакуль нічым не адрозніваецца ад папярэдніх. Удзельная вага дзяцей сярод хворых складае 54 працэнты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі