Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 снежня 2021, 15:12

Топ-10 вынікаў вучоных за 2021 год вызначыла НАН

31 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук вызначыла 10 лепшых вынікаў дзейнасці вучоных НАН у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2021 год, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.

Згодна з рашэннем бюро Прэзідыума НАН, пераможцамі прызнаны аўтарскі калектыў дзвюх навуковых арганізацый - Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава і Інстытута фізіялогіі - за распрацоўку і стварэнне оптаэлектроннага штучнага нейрона. Вучоныя Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя В.А.Белага і Фізіка-тэхнічнага інстытута - за выяўленне эфекту анамальнага зніжэння дынамічнай няўстойлівасці механічных сістэм пры распрацоўцы фрыкцыйных вырабаў новага пакалення. Калектыў вучоных Інстытута парашковай металургіі імя акадэміка А.У.Рамана - за распрацоўку і стварэнне мініяцюрнай капілярнай камеры з металічнымі парашкамі для эфектыўнага адводу цяпла ў мікрапрацэсарнай тэхніцы.

Вучоныя Інстытута хіміі новых матэрыялаў будуць узнагароджаны за стварэнне новых алюмасілікатных матэрыялаў нанатрубчастай структуры на аснове кааліну з высокай каталітычнай актыўнасцю і селектыўнасцю. Аўтарскі калектыў Інстытута генетыкі і цыталогіі - за вызначэнне спектра патагенных мутацый у генах, звязаных з парушэннямі рытму і праводнасці міякарда. Даследчыкі Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах - за ўстанаўленне новых фактараў пераносу біягенных рэчываў у планктоне азёр пад уздзеяннем інвазіўных жывёл і канвектыўных патокаў. Калектыў аўтараў Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў - за стварэнне фармакалагічнай кампазіцыі з высокім процідыябетычным патэнцыялам на аснове натуральных і сінтэтычных субстанцый.

За распрацоўку мадэлі пераходу тэхнагенных радыенуклідаў у сістэме "глеба - расліна" адзначаны намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута радыебіялогіі кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксандр Нікіцін.

Аўтарскі калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і Інстытута філасофіі прызнаны пераможцам за стварэнне абагульненай сістэмы беларускай этнафіласофіі. Вучоныя Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні, работнікі Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК - за распрацоўку комплекснай навукова абгрунтаванай стратэгіі і дзейсных механізмаў нацыянальнай харчовай бяспекі.

На конкурс "Топ-10" вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў былі прадстаўлены ўпершыню атрыманыя або завершаныя ў 2021 годзе вынікі навуковай дзейнасці вучоных і навуковых калектываў, якія працуюць у галіне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, у выглядзе публікацый і інавацыйных распрацовак. Яны павінны былі адпавядаць наступным крытэрыям: вынік апублікаваны ў выданні, што мае высокі імпакт-фактар; публікацыя ўключана ў міжнародныя базы даных; атрыманая прынцыпова новая навуковая інфармацыя ўпершыню апублікавана ў выглядзе кніжнага выдання (главы ў манаграфіі) і мае важнае значэнне для прагрэсу айчыннай і сусветнай навукі, будзе аказваць істотны ўплыў на развіццё эканомікі краіны, вырашэнне сацыяльных, экалагічных і іншых праблем; на аснове вынікаў даследаванняў створаны аб'ект новай тэхнікі (спосаб, тэхналагічны працэс), які па большасці тэхнічных параметраў адпавядае сусветнаму ўзроўню.

Узнагароджванне пераможцаў будзе прымеркавана да святкавання Дня беларускай навукі ў канцы студзеня 2022 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі