Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 жніўня 2019, 11:41

Тэмай першага ўрока ў школах стане радок з верша Янкі Купалы "Маладая Беларусь"

15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў, у 2019 годзе плануецца правесці ў панядзелак, 2 верасня. Тэмай першага ўрока стане радок з верша Янкі Купалы "Маладая Беларусь" - "Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.

Плануецца, што ў новым навучальным годзе вучыцца пачнуць 1 млн 30 тыс. школьнікаў, у тым ліку 115 тыс. першакласнікаў. Усе ўстановы адукацыі будуць забяспечаны педагагічнымі кадрамі. У 2019 годзе на работу сюды накіравана 4,3 тыс. маладых спецыялістаў.

Да новага навучальнага года ў Беларусі расчыняць дзверы восем школ-новабудоўляў на амаль 7,3 тыс. месцаў. У іх ліку дзве ў Мінску - адна ў Першамайскім раёне (СШ нумар 93 на 792 месцы, другая - у Фрунзенскім (СШ нумар 2 на 1020 месцаў). Напярэдадні, 14 жніўня, міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў абедзве школы і азнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базай, умовамі для навучання і выхавання дзяцей. Так, СШ нумар 93 размяшчаецца ў сучасным будынку, аснашчаным усім неабходным для вучобы, заняткаў спортам і пазакласных мерапрыемстваў. Будаўніцтва пачалося ў 2018 годзе, цяпер школа практычна гатова. У ёй ёсць некалькі рэсурсных цэнтраў, лабараторыі, лінгафонныя кабінеты, спартыўная, гімнастычная і трэнажорная залы з раздзявалкамі, а таксама залы для харэаграфіі і рытмікі, лыжная база, майстэрні па апрацоўцы тканіны, драўніны, металу. Акрамя таго, у школьнікаў будзе магчымасць наведваць вучэбны цір. Сталовая разлічана на 340 пасадачных месцаў, ёсць вітамінны бар. Акрамя таго, тут будзе створана безбар'ернае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прадугледжаны ліфт, пандус, спецыяльныя месцы ў актавай зале, вучэбных кабінетах, асобныя раздзявалкі, санвузлы, душавыя, расказалі ў прэс-цэнтры.

Сярэдняя школа нумар 2 у Фрунзенскім раёне разлічана на 44 класы. "У будынку школы будуць працаваць вучэбныя кабінеты і лабараторыі, памяшканні для працоўнага навучання, вучэбна-спартыўныя залы з раздзявалкамі, басейн, цір, лыжная база, памяшканні для эстэтычнага выхавання і гуртковай работы. Тут таксама створана безбар'ернае асяроддзе", - адзначылі ў прэс-цэнтры. Сталовая школы разлічана на 340 пасадачных месцаў, у вітамінным бары іх 22.

Напярэдадні новага навучальнага года ва ўсіх рэгіёнах краіны арганізавана работа больш як 500 школьных базараў, кірмашоў. Праводзяцца пашыраныя продажы, выстаўкі-продажы, працуюць дадатковыя гандлёвыя месцы, аформлены куткі для першакласнікаў.

Як паведамлялася, пашпарты гатоўнасці ўстаноў адукацыі, інтэрнатаў да новага навучальнага года неабходна падпісаць да 23 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі