Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лістапада 2020, 17:30

Стаўкі зменшыць, але штраф за нявыплату вырасце - як прапануюць вырашаць праблему дарожнага збору

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дарожны збор усё ж такі хочуць адвязаць ад тэхагляду, уключаць яго ў кошт паліва палічылі немэтазгодным. Як будуць вырашаць праблему дарожнага збору, абмеркавалі сёння на пашыранай нарадзе пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, бюджэце і фінансах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Якія новаўвядзенні прапануюцца

Новыя падыходы ў выплаце дарожнага збору абазначыў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Ігар Камароўскі. Дэпутаты і ўрад палічылі, што найбольш прымальным будзе варыянт скасаваць дзяржпошліну і ўвесці замест яе плату за карыстанне дарогамі і асобнымі элементамі вулічна-дарожнай сеткі. Яна будзе спаганяцца незалежна ад тэхагляду. Мяркуецца, што плаціць можна будзе дыферэнцыравана - за месяц, некалькі месяцаў, год або два.

Для фізічных асоб штомесячныя стаўкі хочуць знізіць на 10 працэнтаў у параўнанні з дзеючымі памерамі платы, калі плаціш за год і больш - скідка будзе 20 працэнтаў. Для арганізацый зніжэнне дзеючых ставак прапануюць на 20 працэнтаў. Для ветэранаў ВАВ і інвалідаў будуць ільготныя ўмовы. Плаціць можна будзе праз АРІП.

Кантроль за выплатай плануецца з дапамогай фота- і відэафіксацыі.

Улічваючы шматлікія пажаданні грамадзян, Ігар Камароўскі прапанаваў дапоўніць гэты варыянт падыходам, пры якім стаўка збору будзе разлічана на кілаграм дазволенай максімальнай масы транспартнага сродку, што будзе ўлічваць рэальны ўплыў транспарту на дарожнае палатно. "Пры гэтым стаўкі варта разлічыць такім чынам, каб не прыйсці да павышэння плацяжоў у параўнанні з тымі, якія ўносіліся б плацельшчыкамі пры існуючай сістэме", - растлумачыў дэпутат.

Чаму складана ўключыць збор у цану паліва

Адна з прычын, чаму не хочуць уключаць дарожны збор у кошт паліва, - гэта адначасова рост цэн на бензін (паводле разлікаў Мінфіна, прыкладна на 10 капеек) і інфляцыйны ўплыў на эканоміку. Акрамя таго, тлумачыць першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, трэба будзе вярнуць сродкі тым, хто ўжо заплаціў збор і для каго падаражэла паліва. Гэта значыць, што ў дарожным фондзе ўзнікне касавы разрыў у памеры амаль Br120 млн.

Але галоўнай прычынай немагчымасці рэалізацыі такога варыянта Мінфін называе магчымае зніжэнне даходаў бюджэту ў выніку вымушанага змяншэння падатковага складніку ў цане на паліва з-за штогадовага павышэння кошту нафты для беларускіх НПЗ.

"Сёння мы знаходзімся ў сітуацыі нявызначанасці з коштам нафты. У Расійскай Федэрацыі рэалізуецца падатковы манеўр, у выніку для нас штогод адбываецца падаражэнне нафты. Адпаведна, гэта ўплывае на эфектыўнасць нафтаперапрацоўкі і выліваецца ў неабходнасць павелічэння цэн на паліва на ўнутраным рынку", - растлумачыў Дзмітрый Кійко.

"Таму калі накласці на тыя 10 капеек (дарожнага збору. - Заўвага БЕЛТА) яшчэ і штогадовы рост кошту паліва ў сувязі з падатковым манеўрам (гэта таксама каля 20 капеек), то на сярэднетэрміновым гарызонце мы можам атрымаць дыспарытэт цэн з Расійскай Федэрацыяй", - адзначыў першы намеснік міністра.

Гэта значыць, што пры істотным адрозненні цэн на паліва ў Беларусі і РФ у нашай краіне будуць менш запраўляцца транзітныя перавозчыкі, аб'ёмы рэалізацыі паліва ў Беларусі ўпадуць, ёсць рызыка шэрых ператокаў паліва з Расіі.

Каб не дапусціць істотнай розніцы з расійскімі цэнамі на паліва, у Беларусі будуць вымушаны зніжаць падатковы складнік у цане на бензін.

"Таму на гарызонце каля трох гадоў мы поўнасцю гэту даходную крыніцу ў кошце паліва нівеліруем. Гэта значыць, адбудзецца яго замяшчэнне на звычайныя акцызы. Пры гэтым мы пачнём зніжаць акцызы, і гэта прыбытковая крыніца перастане існаваць", - канстатаваў першы намеснік міністра.

Узнікне пытанне: як спаганяць дарожны збор асобна ад паліва, калі яго кошт паднялі ўжо, растлумачыўшы гэта ўключэннем збору ў кошт бензіну.

"Пасля таго як мы аб'явім грамадзянам, што ўключылі дарожны збор у паліва, будзе вельмі цяжка аднавіць гэты плацеж у іншым выглядзе (у якасці асобнага плацяжу, не ўключанага ў паліва. - Заўвага БЕЛТА)", - адзначыў Дзмітрый Кійко.

Пазіцыю Мінфіна падтрымала намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Святлана Гурына. Паводле яе слоў, уключэнне дарожнага збору ў цану паліва не вырашае праблему справядлівасці спагнання збору. Напрыклад, вялікія аб'ёмы паліва закупляюць для "Беларуськалія", чыя тэхніка працуе ў шахце і не ўдзельнічае ў дарожным руху, для БЧ, а таксама суднаходства.

"Ідэальнага варыянту няма. Які б мы ні выбралі, ён усё роўна будзе не ідэальны, мы ўсё роўна будзем чуць крытыку нашых спажыўцоў, чаму мы такі механізм выбралі", - адзначыла Святлана Гурына. Напрыклад, некаторыя спажыўцы не супраць уключэння дарожнага збору ў цану паліва, але адначасова не згодны, што бензін павінен падаражэць для іх.

Намеснік старшыні "Белнафтахіма" канстатавала, што беларускія НПЗ купляюць нафту па цане, якая складае 85 працэнтаў ад сусветнай. У 2021 годзе яна складзе 88-90 працэнтаў ад сусветнай цаны.

Што будзе за нявыплату дарожнага збору і дзе справядлівасць

Адна з галоўных прапанаваных навацый - значна павялічыць штраф за неўнясенне дарожнага збору. Цяпер гэта максімум 3 базавыя велічыні (1 БВ - Br27). Згодна з новымі правіламі, штраф будзе ў памеры двухкратнай гадавой стаўкі дарожнага збору. Пры выплаце гэтай сумы фізічную асобу вызваляць на год ад унясення гэтага збору. Па сутнасці, адна гадавая стаўка збору - гэта непасрэдна яго аплата, яшчэ адна гадавая стаўка - штрафная санкцыя.

Паводле ацэнак Мінфіна, новы механізм можа прынесці ў дарожны фонд дадаткова каля Br150 млн у год. Цяпер штогод збіраецца каля Br300 млн. Мінфін чакае, што са змяненнем парадку выплаты паступленні вырастуць да Br450-500 млн у год.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі задаўся пытаннем, наколькі наогул справядлівыя прапанаваныя падыходы, якая прырода гэтага збору, чаму яго ўносяць уладальнікі аўто і ці павінны плаціць за карыстанне дарогамі веласіпедысты, пешаходы і пасажыры грамадскага транспарту.

Дзмітрый Кійко пагадзіўся, што ў залежнасці ад краіны ёсць розныя падыходы - хтосьці ўключае збор у паліва, недзе ў экалагічны збор або ўводзіць плату за аўтабаны. "Прырода гэтых плацяжоў розная, але ў большасці краін, якія сур'ёзна развіваюць сваю дарожную інфраструктуру, яны прысутнічаюць у тым ці іншым выглядзе, - сказаў ён. - Што датычыцца пасажыраў, пешаходаў, то паколькі тут няма прамой залежнасці паміж эксплуатацыяй аўтатранспартнага сродку і дарогі, а фізічная асоба ўдзельнічае ўскосна, то фінансаванне дарожнай інфраструктуры рэалізуецца пры дапамозе выплаты іншых падаткаў". Напрыклад, падаходнага падатку, ПДВ і інш.

Таму Мінфін лічыць, што пешаходы, веласіпедысты і пасажыры грамадскага транспарту праз іншыя падаткі ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, адпаведна, асобных плацяжоў для іх уводзіць не трэба.

Валерый Варанецкі ўсё ж лічыць, што новая схема дарожнага збору складаная ў адміністраванні, і ДАІ не павінна кантраляваць яго выплату, паколькі ў яе іншыя функцыі.

"Калі я плачу ў падатках і зборах на ўтрыманне дзяржавы, а потым яшчэ асобна... Выбачайце, мы ўсе аднолькава карыстаемся нашымі дарогамі. Калі я не карыстаюся аўтамабілем, то іду пяшком, еду на веласіпедзе, грамадскім транспарце. У нас замежныя грамадзяне плацяць за аўтабаны, дарэчы, у большасці краін усе грамадзяне плацяць за аўтабаны, ніхто не плаціць за дарогі ў гарадах і ў сельскай мясцовасці. Таму што, як вы правільна сказалі, яны падтрымліваюць гэта сваімі падаткамі. А аўтабаны - гэта асобная сістэма, дзе ёсць адпаведны кантроль, - выказаўся дэпутат. - У мяне няма аўтамабіля, але я проста салідарны".

Пазіцыя ДАІ

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Аляксандр Занімон звярнуў увагу, што спагнанне павышанай платы за неўнясенне збору не павінна трансфармавацца ў адміністрацыйную адказнасць, гэта павінен быць грамадзянска-прававы механізм.

"Я не ведаю, ці заўважаць людзі, што ім дазволілі плаціць па месяцах. Але я дакладна ведаю, яны заўважаць, што павялічылі штрафы за нявыплату", - адзначыў Аляксандр Занімон.

"Трэба плаціць проста", - парыравала дэпутат з залы.

Пытанні ёсць і да сістэмы кантролю выплаты дарожнага збору.

"Кантроль павінен быць адназначна ў аўтаматычным рэжыме, таму што стаянне інспектара на дарозе і складанне матэрыялаў - гэта не ўчарашні, а пазаўчарашні дзень. Дзяржаўтаінспекцыя максімальна настроена на тое, каб прысутнасць інспектара на дарозе звязвалася не з прымяненнем адміністрацыйных санкцый, а з аказаннем дапамогі ўдзельнікам дарожнага руху", - сказаў Аляксандр Занімон.

На яго думку, прырода гэтага плацяжу - падатковая, таму незразумела, чаму яго адміністраваннем павінна займацца МУС.

"Гэта не функцыя міліцыі - ганяцца за неплацельшчыкамі падаткаў", - лічыць ён.

Калі ўвядуць новыя правілы

Новы механізм прапаноўвалася ўвесці з 1 студзеня 2021 года. Разам з тым, пакуль няма вызначанасці па некаторых ключавых пытаннях, напрыклад, хто будзе кантраляваць выплату збору і як будзе працаваць сістэма штрафаў. Магчыма, кантраляваць будзе Транспартная інспекцыя Мінтранса.

Магчымы кампраміс - устанавіць новыя правілы з 1 красавіка 2021 года, а сістэму кантролю за выплатай збору наладзіць у больш позні тэрмін.

І дэпутаты, і прадстаўнікі міністэрстваў пагадзіліся - вырашэнне праблемы неапраўдана зацягнулася. Збіральнасць збору знізілася, паколькі людзі не ведаюць, чаго чакаць - магчыма, выгадней было б заплаціць па новай схеме, канстатуюць дэпутаты.

Была ініцыятыва прыпыніць спагнанне дарожнага збору, пакуль не будзе ўказа аб новым механізме, але такое рашэнне не прынята.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі